Захочаш сьлёз, а сьлёз ня будзе,
зноў анямее белы сьвет,
у сад твой прыйдуць злыя людзі
і стопчуць яблыневы квет.
Пад зрэб’ем, бы пад павуціньнем,
заб'ецца грэшная душа,
анёл у цемры сьлепкай згіне,
свайго шукаючы крыжа.
Тлум дзён сплыве і недзе ўпотай
прарок народзіцца другі,
зямля пачуе часу дотык
ад цеплыні яго нагі.
У цішыні сярод гаркоты
спакой настане на зямлі,
але ўсё гэта будзе потым,
ніхто ня ведае, калі.