Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміраць раней, чым у сто гадоў – залішне


Сяргей Абламейка, Прага

Мільён гадзінаў, або 44 тысячы дзён, або 120 гадоў – менавіта столькі, паводле цьверджаньняў сучаснай навукі, чалавеку генэтычна адмерана пражыць. Але каб гэтая лічба была і меншай, напрыклад, 100 або 90 гадоў, дык і тое мала хто з сучасных людзей выкарыстоўвае такую магчымасьць. А між тым, дажыць да такога веку ня так ужо і цяжка.

Вышыня цела паступова зьмяншаецца на паўтара мілімэтра ў год, канцавіны робяцца танчэйшыя, а торс пашыраецца, патрэбнасьць у энэргіі зьмяншаецца, запавольваецца рэакцыя, падае вастрыня зроку і слыху. Што гэта – хвароба? Не, гэта старэньне арганізму, якое пачынаецца пасьля 50-ці гадоў. Таму палохацца і панікаваць ня трэба. Сёньня мэдыцына ўжо адназначна заяўляе, што тое, як кожны з нас пражыве другую палову жыцьця, у значнай ступені залежыць ад яго самога.

Беларусь сёньня паводле ўзросту насельніцтва належыць да ліку астатніх разьвітых краінаў сьвету. Гэтак сама, як і ў іншых эўрапейскіх краінах, насельніцтва Беларусі старэе, і прыблізна каля 2050 году 40 працэнтаў яе жыхароў дасягне 60-гадовага ўзросту. Таму пытаньне здаровага ладу другой паловы жыцьця актуальнае і для беларусаў.

Ніколі ў гісторыі людзі ня ведалі аб сваім целе і сваіх думках болей, чым гэта ёсьць сёньня, – а значыць і магчымасьцяў выкарыстаць гэта. Але цудадзейных пілюляў няма. Герантолягі цяпер кажуць проста: хто хоча пражыць доўгае жыцьцё і лёгка памерці, не павінен курыць, павінен здарова харчавацца, а таксама быць псыхічна і фізычна актыўны. Яшчэ адна мадэрновая парада лекараў – ніколі не бывае позна. Гэта значыць, пачынаць здаровы лад жыцьця можна ў любым веку – усё роўна карысьць будзе.

Скептыкі, штопраўда, прыводзяць прыклад Уінстана Чэрчыля, які нават атрымаў у герантолягаў назву “сындрома Чэрчыля”. Маецца на ўвазе, што Чэрчыль быў тоўсты, піў віскі, курыў і ненавідзеў спартовыя заняткі, а ў выніку пражыў 91 год. Тут, сьцьвярджаюць навукоўцы, спрацоўвае яшчэ генэтычны фактар – спадчыннасьць.

Тым ня менш, сучасная геранталёгія сыстэматызавала ўсю найноўшую інфармацыю аб старасьці і старэньні і магчымасьцях чалавека пражыць даўжэй.

Спачатку 10 пытаньняў і адказаў аб старасьці і старэньні.

1. Чаму мы старэем? Прычыны старэньня хаваюцца ў малекулярных, клетачных і генэтычных працэсах, якія сёньня ўжо адкрытыя. Ёсьць у гэтым, аднак, і філязофскі аспэкт – ці мае старэньне сэнс. Чалавецтва сёньня адказу на гэта ня мае, але шмат хто сьцьвярджае, што несьмяротнасьці ня хоча.
2. Ці старэньне жанчынаў адрозьніваецца ад старэньня мужчынаў? Так. Напрыклад, здольнасьць мець дзяцей у жанчыны зьнікае значна раней, чым у мужчынаў. Спэктар прычынаў сьмерці ў жанчын і мужчын розны. Ва ўзросьце 80 гадоў на аднаго мужчыну прыпадае 2,7 жанчыны.
3. Як на працягласьць жыцьця ўплывае генэтычная спадчыннасьць? Гэта вельмі індывідуальна. Трэба, аднак, памятаць, што папярэднія пакаленьні патрэбныя, у прынцыпе, каб нарадзіць і выгадаваць новае пакаленьне. Пасьля гэтага жыць ім ужо, з пункту гледжаньня прыроды, вялікай патрэбы няма.
4. Ці існуе ген даўгалецьця? Гены ўплываюць на працягласьць нашага жыцьця, але не наўпрост. Няма, тым больш, і аднаго гена, ад якога б гэта залежала. Затое гены вырашаюць, наколькі пасьпяхова мы будзем змагацца з інфэкцыямі або як у нас будзе праходзіць абмен рэчываў, што вельмі ўплывае на працягласьць жыцьця.
5. Ці можна паводле працягласьці жыцьця нашых сваякоў вызначаць, колькі пражывем і мы? У пэўнай ступені так. Існуюць сем’і, дзе даўгалецьце сустракаецца часьцей. Але герантолягі адназначна адкідаюць думку, што паводле працягласьці жыцьця бацькоў можна дакладна вызначыць і працягласьць жыцьця дзяцей. Пра гэта можна меркаваць толькі як пра верагоднасьць.
6. Ці могуць вітаміны запаволіць працэс старэньня? Недахоп вітамінаў можа працэс старэньня паскорыць. Ніводзін вітамін старэньню, аднак, перашкодзіць ня можа. Але з-за таго, што вітаміны аптымізуюць клетачны мэтабалізм і могуць абараняць клеткі ад некаторых тыпаў пашкоджаньня, яны могуць дапамагчы выкарыстаць наш генэтычны патэнцыял што да працягласьці жыцьця.
7. Ці патрэбна старым людзям больш спаць? Не, наадварот. У старых людзей працягласьць сну зьніжаецца. Пры гэтым парадаксальна, старыя больш часу праводзяць у ложках, чым маладыя. Справа ў тым, што з гадамі мяняецца сам сон чалавека, ён менш глыбокі, мяняюцца таксама і суадносіны фазаў сну.
8. Як распазнаць хваробу Альцгаймэра? Аднымі зь першых праяўляюцца парушэньні памяці і няздольнасьць вучыцца. Пазьней праяўляюцца зьмены моўна-вытлумачальнага характару. Яшчэ пазьней зьявяццца парушэньні ў прасторавай і часавай арыентацыі. Для членаў сям’і найцяжэйшымі, аднак, бываюць зьмены ў самаўсьведамленьні, у асобе.
9. Як можна лячыць хваробу Альцгаймэра? Сёньня гэтая хвароба невылечная. Усе стратэгіі лячэньня пакуль накіраваныя на запавольваньне хваробы і адцягваньне найбольш цяжкіх праяваў гэтай немачы.
10. Чым выкліканы сучасны рост працягласьці жыцьця? Найперш – зьменай сацыяльных і гігіенічных умоваў. Адыгралі ролю і посьпехі мэдыцыны, найперш адкрыцьцё антыбіётыкаў, а таксама лячэньне сардэчна-судзінных хваробаў і цукроўкі. Нельга тут забыцца і пра прэвэнтыўныя захады, найперш на прышчэпкі.

А вось 10 міфаў аб старасьці і старэньні.

1. Старыя людзі ня маюць патрэбы ў сэксе. Гэта няпраўда. Паводле найноўшых дасьледаваньняў, сэксуальна актыўнай застаеццца палова мужчынаў ва ўзросьце ад 72 да 75 гадоў.
2. У старасьці мяняецца асоба. Гэта няпраўда. Калі асоба не парушаная хваробай, яна цэлае жыцьцё застаецца нязьменнай.
3. Неад’емнай часткай страсьці зьяўляецца старэчы маразм. Гэта няпраўда. З узростам пагаршаецца кароткатэрміновая памяць, але астатнія інтэлектуальныя здольнасьці могуць застацца (а ў псхыхічна актыўных застаюцца) нязьменныя.
4. Старасьць непрыгожая. Гэта няпраўда. Існуюць культуры, дзе за старасьцю прызнаюцца значныя эстэтычныя вартасьці.
5. Старыя людзі вельмі падобныя між сабой. Гэта няпраўда. У старасьці адрозьненьні паміж людзьмі наадварот павялічваюцца, а некаторыя іх якасьці нават яскрава акрэсьліваюцца.
6. Старыя людзі непрадуктыўныя. Гэта няпраўда. Паводле статыстыкі, людзі старога веку, якія працуюць, маюць менш дзён непрацаздольнасьці, чым маладыя.
7. Старыя людзі несамадастатковыя. Гэта няпраўда. Толькі 5 адсоткаў людзей, старэйшых за 65 гадоў, маюць патрэбу ў апякунстве іншага.
8. Неад’емнай часткай старасьці ёсьць хваробы. Гэта няпраўда. На зхямлі жыве нямала стогадовых людзей, якія ні разу ў жыцьці не былі ў лекара.
9. Старыя людзі жывуць бедна. Гэта няпраўда. Бедна старыя жывуць у тых краінах, дзе небагата жывуць і астатнія катэгорыі насельніцтва.
10. Старасьць мудрая. І гэта няпраўда. Старасьць не выдае “патэнт на розум”. Зь іншага боку, калі паважаны чалавек зможа ў старасьці перадаваць свой вопыт іншым, грэх было б яго не паслухаць.

І нарэшце, 10 парадаў тым, хто хоча дажыць да 100 год.

1. Пастарайцеся пазьбегнуць атэрасклерозу. На дарозе да 100 год –гэта вораг нумар 1. Не курыце, зьменшыце (а лепш наагул выключыце) у страве жывёльныя тлушчы і не пераядайце.
2. Не пераймайцеся занадта з прычыны свайго веку. Хай вашыя сівыя валасы паважаюць іншыя. Не кажэце сабе, што той ці іншы занятак не падыходзіць вам з прычыны веку. Калі хочаце запісацца на курсы рок-н-ролу – запішэцеся.
3. Кантралюйце сваю вагу, але не перабольшвайце яе значэньня. Паводле тэарэтычных разьлікаў, даўжэй пражыць павінны былі б тыя людзі, што абмежавалі спажываньне калёрыяў аж да мяжы выжываньня. Гэта было пацьверджана і на лябараторных пацуках. У людзей, аднак, гэты пастулят не спрацоўвае. Статыстыка сьведчыць, што даўжэй жывуць тыя, хто мае нармальную або троху (!) павялічаную вагу. Паўната – гэта фактар, які працягласьць жыцьця выразна зьмяншае.
4. Не зракайцеся сэксу. Калі навукоўцы вывучалі групу людзей, якія выглядаюць выразна маладзей за свой век, яны заўважылі, што ў іх значна часьцей праяўляецца падвышаная сэксуальная актыўнасьць. Нават стогадовыя жыхары заяўляюць, што сэкс адыгрывае або прынамсі адыгрываў у іх жыцьці важную ролю.
5. Мэтанакіравана будуйце адносіны зь людзьмі. Вельмі часта бывае, што чым чалавек старэйшы, тым цяжэй яму кантактаваць з навакольлем. Пра гэта трэба думаць ужо ў сярэднім веку і загадзя ствараць сабе сетку кантактаў.
6. Старайцеся ні ад кога не залежаць. Самадастатковасьць – ключавое слова, калі вы думаеце аб паўнацэннай старасьці. Не дазваляйце нікому за вас вырашаць, калі гэта ня ёсьць жыцьцёва неабходна. Будзьце па магчымасьці эканамічна незалежныя. Давярайце сабе. Калі нехта хоча зрабіць вас аб’ектам сваіх добрых справаў, а ў вас ёсьць магчымасьць пазьбегнуць гэтага, уцякайце ад дабрадзея.
7. Не сьпяшайцеся на пэнсію. Аказалася, што мала што так выразна працягвае людзям жыцьцё, як захаваньне да як мага старэйшага веку прафэсійнай кар’еры. Пазьней можна працаваць на палову стаўкі або па-за штатам. На дзіва плённым тормазам старэньня ёсьць таксама добраахвотная праца у нейкай грамадзе.
8. Не давайце сваім мазгам бязьдзейнічаць. Магчымасьці чалавечага мозгу у пэўным сэнсе практычна неабмежаваныя. Тое самае датычыць і мозгу, які старэе. Але тут больш чым дзе-небудзь дзейнічае прынцып – чым не карыстаецецся, тое страціце. Спосабаў, як трэніраваць мозг – вельмі шмат. Напрыклад, пішэце дзёньнік, ніколі ня позна пачаць вучыць замежную мову або новую кампутарную праграму.
9. Больш рухайцеся. Старасьць вас ўсё-роўна дагоніць, але вы можаце вельмі доўга ад яе пасьпяхова ўцякаць. Пачаць займацца спортам або практыкаваньнямі з гантэлямі ніколі ня позна. Вядома, што і 90-гадовыя жыхары дамоў састарэлых здолелі пасьля 8-тыднёвых заняткаў падвысіць сваю фізычную сілу на 180 працэнтаў. Навукоўцы падлічылі, што кожная гадзіна фізычных практыкаваньняў дадае 2-3 гадзіны жыцьця, а ў старых людзей гэтыя суадносіны яшчэ вышэйшыя.
10. Занадта не сумуйце. Аптымізм і добры настрой аб’ядноўваюць практычна ўсіх людзей, якія здолелі “шчасьліва састарыцца”. Ня бойцеся людзей на пакаленьне аб два маладзейшых і не перажывайце з прычынаў, якія ня можаце зьмяніць.


***

А зараз яшчэ некалькі парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Перш чым накіравацца да лекара, каб зрабіць прышчэпку ад грыпу, паспрабуйце добра выспацца. Нядаўнія дасьледаваньні паказалі, што невысыпаньне можа зьменшыць эфэктыўнасьць прышчэпкі. Праз 10 дзён пасьля прышчэпкі ў людзей, якія былі тады нявыспаныя, разьвілася толькі палова антыцелаў у параўнаньні з тымі, хто спаў належную колькасьць гадзінаў. У гэтай сувязі RealAge нагадвае, што калі вы будзеце спаць ня менш за 6-8 гадзінаў у суткі, дык зробіце свой рэальны біялягічны ўзрост на 3 гады маладзейшым.

2. Падымайце гантэлі. Гэта можа зьменшыць рызыку захварэць на дыябэт. Дасьледаваньні паказваюць, што назапашваньне тлушчу на жываце і зьмяншэньне масы цягліцаў можа быць зьвязанае з павелічэньнем рызыкі так званага дыябэту 2 (або набытага). Правільны комплекс фізычных практыкаваньняў можа ня толькі зьмяншаць вагу цела і ўмацоўваць цягліцы, але і трымаць дыябэт пад кантролем у тых, у каго яго нядаўна знайшлі. RealAge сьведчыць, што рэгулярныя фізычныя практыкаваньні могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на год маладзейшым.

3. Адна порцыя таматнай пасты можа замяніць дзьве порцыі іншай ежы, што паляпшае памяць. Нядаўнія дасьледаваньні паказваюць на сувязь багатай на такія антыаксыданты, як вітаміны С і Е, дыеты і зьмяншэньнем рызыкі хваробы Альцгаймэра. Толькі адзін кубачак таматнай пасты ўтрымлівае 100 міліграмаў вітаміну С і 10 міліграмаў вітаміну Е. Дадавайце таматную пасту ў супы, тушаныя стравы і соўсы. RealAge сьведчыць, што атрыманьне праз ежу і харчовыя дадаткі нармальнай колькасьці антыаксыдантаў – або рэчываў, якія стрымліваюць старэньне клеткі – можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

4. Калі вас чакае цяжкая праца ці вырашэньне нейкага складанага пытаньня, пабудзьце перад гэтым троху часу з вашай хатняй жывёлай. Гэта можа дапамагчы вам лепш прыняць цяжкі выклік і трымаць вашыя эмоцыі пад кантролем. Падчас аднаго нядаўняга дасьледаваньня, прысутнасьць хатняй жывёлы побач з чалавекам, які разьвязваў цяжкую сытуацыю, уплывала на яго нават лепш, чым прысутнасьць побач блізкага сябра або нават члена сям’і. RealAge сьведчыць, што трыманьне сабакі і прагулкі зь ёй могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на год маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG