Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае пра антыбіётыкі і кашаль, і як трэба загараць


Сяргей Абламейка, Прага

Калі вы хварэеце на бранхіт і лекар вам выпісаў антыбіётык, вы павінны ведаць, што яго дзеяньне на вашую хваробу ня будзе лепшае, чым, напрыклад, невялікая доза вітаміну С. Аб гэтым сьведчаць вынікі новага дасьледаваньня, апублікаванага днямі ў брытанскім мэдычным часопісе “The Lancet”. Мільёны людзей кожны год зьвяртаюцца да лекара з прычыны вострага бранхіту, і большасьць зь іх атрымліваюць у якасьці лячэньня курс антыбіётыкаў. І гэта пры тым, піша ангельскі часопіс, што няма пераканаўчых доказаў дапамогі антыбіётыкаў у такіх выпадках, і пры тым, што лекары сёньня ўсё больш схіляюцца да думкі, што бранхіт пераважна выклікаецца вірусам, а не бактэрыямі.

Аналіз вялікай колькасьці выпадкаў, зьвязаных з выкарыстаньнем азытраміцыну і іншых антыбіётыкаў, паказвае, што хоць яны і могуць спыніць кашаль на дзень раней, але шматлікія пабочныя эфэкты нівэлююць гэты невялікі станоўчы эфэкт.

Гэта важна ведаць і жыхарам Беларусі, паколькі азытраміцын там таксама шырока распаўсюджаны пад назвай сумамед. Гэта, аднак, даволі дарагі лек. Таму беларускія лекары вельмі часта падчас бранхіту або іншых прастудных хваробаў прызначаюць больш простыя і танныя антыбіётыкі, напрыклад, ампіцылін, оксацылін ці гентаміцын. Паводле беларускай практыкі, выбар сродкаў лячэньня прастуды і бранхіту цалкам залежыць ад поглядаў лекара – адзін можа ніколі не пачынаць з антыбіётыкаў, а іншы пачынае імі лячэньне любой прастуднай хваробы.

Вынікі новага дасьледаваньня пракамэнтаваў амэрыканскі навуковец, доктар Лёрн Бэкер зь Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту сказаў, што ёсьць невялікая група пацыентаў, каму антыбіётыкі дапамагаюць, але пераважна яны на бранхіт ня дзейнічаюць.

Вынікі дасьледаваньня пракамэнтаваў таксама і прадстаўнік кампаніі Пфайзэр, якая вырабляе антыбіётык азытраміцын, што найбольш часта прыпісваецца пры бранхітах. Кампанія заявіла, што яе антыбіётык прызначаны для барацьбы з многімі заразнымі бактэрыяльнымі хваробамі ў розных частках цела, у тым ліку з запаленьнем лёгкіх і зь перадаванымі сэксуальным шляхам хлямідыямі. Прадстаўнік Пфайзэр падкрэсьліў, што іх прэпарат нацэлены толькі на бактэрыі, і таму яго выкарыстаньне для лячэньня бранхіту было ўхваленае з-за таго, што часам кашаль выклікаюць адна або некалькі бактэрыяў.

Аўтары дасьледаваньня канстатуюць, што зараз вельмі цяжка высьветліць, чым выкліканы бранхіт – вірусам ці бактэрыямі. Для гэтага яшчэ не прыдумана тэстаў. Ніхто ня ведае, ці бранхіт наагул выклікаецца калі-небудзь бактэрыямі, і няма доказаў, ці дапамагаюць антыбіётыкі прадухіліць перарастаньне бранхіту ў запаленьне лёгкіх. Аднак, паколькі пацыенты з надзеяй пазбавіцца кашлю ўсё ж зьвяртаюцца да лекараў, дык іх часьцей за ўсё адсылаюць з антыбіётыкамі ў кішэні. Аўтары новага дасьледаваньня рэзка асудзілі такія дзеяньні лекараў, таму што частае ўжываньне антыбіётыкаў дазваляе мікробам выпрацаваць устойлівасьць да іх, і гэтыя карысныя лекі могуць стаць абсалютна бескарысныя.

На заканчэньне аўтары новага дасьледаваньня, апублікаванага ў часопісе “The Lancet”, прыводзяць наступны факт. У шпіталі ангельскага графства Кук і клініцы мэдычнага коледжу ў Чыкага яны ўзялі 220 пацыентаў з вострым бранхітам і падзялілі іх на дзьве роўныя групы. Адна група на працягу пяці дзён атрымлівала азытраміцын, а другая – маленькую дозу вітаміну С, прычым пацыенты ў абодвух выпадках ня ведалі, што яны бяруць за таблеткі. Вынік экспэрымэнту аказаўся наступны: на сёмы дзень зь ліку тых пацыентаў, што бралі антыбіётык азытраміцын, 89% цалкам выздаравелі і вярнуліся да нармальнага жыцьця; зь ліку тых, што бралі вітамін С, на 7 дзень выздаравелі і вярнуліся да нармальнага жыцьця... таксама 89%.

***

У Эўропу, фактычна, прыйшло лета, а зь ім пачаўся і сэзон загару. Разам з прыемнымі наступствамі адпачынку на сонцы вынікам празьмернага загару, як вядома, могуць быць і злаякасныя пухліны скуры, у тым ліку сумнавядомая мэлянома. Мэдыкі ўжо доўгі час засьцерагаюць людзей ад некантраляванага знаходжаньня пад узьдзеяньнем сонечных промняў. Для дадатковага распаўсюду інфармацыі аб небясьпецы ўльтрафіялетавых промняў і абсьледаваньня як мага большай колькасьці людзей у эўрапейскіх краінах кожны год 13 траўня адзначаецца так званы “Эўрапейскі дзень мэляномы”. Ён усталяваны спэцыяльна напярэдадні сэзону адпачынкаў, і ў гэты дзень грамадзяне эўрапейскіх краінаў могуць бясплатна наведаць дэрматоляга і пракансультавацца наконт пігмэнтных плямаў на скуры, а таксама атрымаць кансультацыі па пэўных тэлефонных нумарах.

Напярэдадні летніх адпачынкаў і загару на берагах беларускіх вазёраў і рэчак шэраг карысных парадаў слухачам вырашылі даць і мы. Найперш кожны павінен ведаць наступныя рэчы:

1. Інтэнсіўнасьць ультрафіялетавых промняў сонца тым большая, чым вышэй вы знаходзіцеся над узроўнем мора. Яна ўзрастае па 4 адсоткі на кожныя 300 мэтраў вышыні.
2. Калі надвор’е воблачнае, інтэнсіўнасьць ультрафіялету толькі на 20-30% меншая, чым у яснае надвор’е. Таму, напрыклад, інтэнсіўнасьць сонечных промняў у 12 гадзін дня пры памяркоўна воблачным небе большая, чым пад ясным небам у 15 гадзін дня.
3. Нават калі вы знаходзіцеся ў ценю, вы зазнаяце ўзьдзеяньне адбітага сонечнага ўльтрафіялету. Напрыклад, пясок адбівае ад 5% да 20% сонечных промняў, трава – да 4%, марская вада – да 20%, а сьнег – ад 30 да 80%.
4. Узьдзеяньне сонечных промняў узмацняецца з-за дотыку некаторых расьлінаў, напрыклад, пятрушкі, ад ужываньня жаночых і мужчынскіх духоў і адэкалёнаў, а таксама некаторых лекаў, напрыклад, сульфамідных прэпаратаў ці дыўрэтыкаў.
5. Купаньне, паценьне і мэханічнае націраньне, напрыклад, расьціраньне ручніком, узьдзеяньне сонечных промняў зьмяншае.

Навукоўцы і мэдыкі зьвяртаюць увагу на тое, што так званыя ультрафіялетавыя фільтры, якія зьмяшчаюць у сабе крэмы для загару, вельмі добра абараняюць цела. Яны абараняюць скуру ад апёкаў, прадухіляюць утварэньне свабодных радыкалаў, высушэньне скуры і наступнае ўтварэньне ракавых пухлінаў.

Выбіраць ахоўны сродак трэба з увагай на інтэнсіўнасьць сонечных промняў, на тып вашай скуры і на даўжыню вашага знаходжаньня пад сонцам. Для нармальнага дарослага чалавека, без праблемаў са скурай, фільтар у крэме для загару павінен мець парадкавыя лічбы ад 10 да 20. Па меры загару велічыню так званага ахоўнага фактару крэму можна зьмяншаць, паколькі з загарам актывуюцца ўласныя абарончыя сродкі арганізму. Зь іншага боку, трэба памятаць, што нават моцная пігмэнтацыя ў выніку загару не зьяўляецца дастаткова добрай абаронай ад сонечнага апраменьваньня. Дастаткова вялікая колькасьць крэму павінна быць раўнамэрна размазаная, а націраньне крэмам трэба паўтараць праз кожныя дзьве гадзіны знаходжаньня пад сонцам.

Для таго, каб вашая скура была як найдаўжэй здаровая і прыгожая, вы павінны датрымліваць наступныя правілы:

1. Малодшых за 3 гады дзяцей ня трэба падстаўляць пад адкрытыя сонечныя промні.

2. Пазьбягайце знаходжаньня пад сонцам паміж 11 і 16 гадзінамі ў пару ад пачатку траўня да канца жніўня без якаснай аховы скуры, вачэй і вуснаў.

3. Насіце капелюшы, брылі, сонечныя акуляры, мажце вусны памадай з сонечным фільтрам.

4. Не забывайцеся часта піць.

5. Не загарайце пасьля выкарыстаньня касмэтыкі або некаторых лекаў (аб гэтым трэба параіцца зь лекарам).

6. Людзі з праблемамі скуры, такімі, напрыклад, як пігмэнтацыя, сьвежыя язвы, сонечная алергія, стан пасьля выдаленьня пухліны скуры або са шматлікімі пігмэнтнымі радзімкамі, павінны былі б наконт загару параіцца зь лекарам або проста загару пазьбягаць.

***

А зараз некалькі парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Калі вы не аматар рыбных страваў, дадавайце да свайго штодзённага мэню троху рыбінага тлушчу. Гэта дапаможа вам палепшыць стан сваёй сардэчна-судзіннай сыстэмы. Дасьледаваньні паказваюць, што тыя, хто ўжывае 1 грам рыбінага тлушчу кожны дзень, маюць на 45% меншую верагоднасьць памерці ад сардэчнага прыступу. Калі вы наважыцеся ўжываць рыбін тлушч, парайцеся спачатку са сваім лекарам, ці ня маеце вы супрацьпаказаньняў. RealAge сьведчыць, што абязтлушчаная дыета і спажываньне ненасычаных тлушчаў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 год маладзей.

2. Некалькі прасьпяваных вамі песьняў могуць быць цудоўным дадаткам да здаровага ладу жыцьця. Вывучэньне ўдзельнікаў харавых групаў паказвае, што песьні аказваюць станоўчы ўплыў на эмацыйны стан чалавека. Ну а калі грамадзкія формы вам не падабаюцца, сьпявайце або слухайце песьні ў душы або ў аўтамабілі. RealAge сьведчыць, што клопат аб эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост аж на 16 год маладзей.

3. Калі вы правільна седзяце ля вашага кампутара, гэта дапаможа вашаму пазваночнікі менш старэць. Каб ваш пазваночнік быў у норме, выкарыстоўвайце крэсла з падлакотнікамі, клявіятуру разьмяшчайце ніжэй за ўзровень локцяў, а манітор стаўце так, каб вы не нахілялі галаву, калі глядзіце на яго. RealAge сьведчыць, што рэгулярны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 год маладзей.

4. Калі ў вас ёсьць магчымасьць, часьцей піце апельсынавы сок. Гэты сок – крыніца трох вельмі важных для арганізму рэчываў: вітаміну С, калію і фоліевай кіслаты, якая зьмяншае рызыку хваробаў сэрца. У адным стакане апельсінавага соку ўтрымліваюцца 124 міліграмы вітаміну С, 75 міліграмаў фоліевай кіслаты і 496 міліграмаў калію. RealAge сьведчыць, што атрыманьне зь ежай 1200 міліграмаў вітаміну С у дзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на год маладзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG