З раніцы ў Курапатах прыбіралі сьмецьце й садзілі дрэвы навучэнцы Менскага гандлёвага каледжу — сябры Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Распавядае выкладчыца каледжу Аліна Ўладзімерская.
(Уладзімерская: ) “44 чалавекі, два выкладчыкі зь Менскага гандлёвага каледжу прыйшлі дапамагчы. Нас папрасіў БРСМ. Дзеці працуюць, добрае надвор’е…”
А вось меркаваньні саміх навучэнцаў каледжу:
(Хлопец: ) “Ведаем, што тут расстрэльвалі людзей”.
(Карэспандэнка: ) “А чаму менавіта сюды прыйшлі прыбіраць?”
(Хлопец: ) “Прымусілі. Замест заняткаў сюды прывялі”.
(Хлопец: ) “Дзяўчаты столькі мяхоў сабралі са сьмецьцем”.
(Хлопец: ) “Я тут ужо не ўпершыню. Цяпер алею пасадзім. Былі зьверху, дзе пахаваньні. Крыжы тут, кажуць, зразаюць”.
(Дзяўчына: ) “Упершыню тут, шмат цікавага пабачыла”.
А вось што распавяла для Радыё Свабода прадстаўніца адміністрацыі Савецкага раёну Менску Ірына Шумянцова.
(Шумянцова: ) “Да нас зьвярнуўся з просьбай “Леспаркгас” дапамагчы ўпарадкаваць тэрыторыю Курапатаў. Абсалютна ніякае подшыўкі, абсалютна ніякіх мэтаў, апроч як, напэўна, выхаваўчых для гэтай моладзі — і ўпарадкаваць. І, напэўна, яны павінны бачыць з маладосьці, што трэба ўшаноўваць памяць памерлых”.
Так мяркуе прадстаўніца адміністрацыі Савецкага раёну Менску Ірына Шумянцова.
Удзельнікі сёньняшняй талакі па-рознаму паставіліся да ўдзелу сябраў Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі ва ўпарадкаваньні Курапатаў. Кіраўнік хрысьціянскай злучнасьці “Курапаты” Вацлаў Нямковіч і Мікола Лавіцкі з ТБМ вітаюць гэтае.
(Нямковіч: ) “Мы рады ўсім, хто прыйдзе дапамагчы, таму што гэта сумленныя людзі”.
(Лавіцкі: ) “Няважна, хто прыйшоў сёньня ў Курапаты. Калі ён прыйшоў прыбіраць, няважна — якіх ён палітычных поглядаў. І калі б прыйшлі камуністы-артадоксы, усё роўна, ім трэба падаць руку сёньня”.
Іншы пункт гледжаньня мае актывістка Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Тацяна Цяцёркіна.
(Цяцёркіна: ) “Гэта падмена ідзе. Тут людзі з чыстым сумленьнем і душой павінны прыходзіць сюды і працаваць, але ня вось так паказуху рабіць. Прывялі сюды строем і ўвялі строем”.
Упершыню сёлета на талацэ ў Курапатах працавалі столькі чалавек — каля сямідзесяці. Гаворыць актывіст КХП БНФ Пятро Шашкель.
(Шашкель: ) “Сябры партыі сёньня выйшлі на талаку, якую мы плянуем з гэтай суботы штотыдзень. Вырабляецца вялікая колькасьць крыжоў, пазьней пачнем ўсталёўваць крыжы”.
Працягвае актывіст грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Вацлаў Арэшка.
(Арэшка: ) “Традыцыйная талака, якую напярэдадні Радаўніцы і Дзядоў звычайна ладзіць ня толькі грамадзкая ініцыятыва, тут і КХП БНФ актыўна ўдзельнічае, і проста людзі прыходзяць. Ёсьць прадстаўнікі і палітычных партыяў”.
Сёньня ж на крыжы ля магілы, дзе прыканцы 1980-х праводзілі эксгумацыю Зянон Пазьняк і Мікола Крывальцэвіч, была ўсталяваная памятная шыльда. Гаворыць гісторык Ігар Кузьняцоў.
(Кузьняцоў: ) “Тут было знойдзена 107 парэшткаў. Гэта пахаваньне прыкладна красавіку 1940 году. Лічыцца, што тут ляжаць прадстаўнікі інтэлігенцыі, ураджэнцы Заходняй Беларусі”.
Сёньня падчас талакі сакратар управы КХП БНФ Алесь Чахольскі зьвярнуўся праз Радыё Свабода да прыхільнікаў адкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка з наступным заклікам.
(Чахольскі: ) “Я запрашаю 21 красавіка а 19-й гадзіне ў Палац тонкасуконнага камбінату на Матусевіча, 20 на прэзэнтацыю кнігі Зянона Пазьняка. Думаю, што некаторыя рэчы будуць для Вас неспадзяванымі й цікавымі”.