Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ БНФ ПРАВЯЛІ Ў КУРАПАТАХ ТАЛАКУ НАПЯРЭДАДНІ ДЗЯДОЎ


Ганна Соусь, Менск

Падняўшыся далей на курапацкі пагорак, сустракаю актывістаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, якія ўжо пачалі добраўпарадкаваньне тэрыторыі ўрочышча. Адзначу, што гэткія талокі адбываюцца сёлета штосуботу ад пачатку вясны, як толькі ва ўрочышчы сышоў сьнег.

Сёньня 15-я гадавіна стварэньня Беларускага Народнага Фронту, і ўдзельнікі талакі натуральна згадваюць падзеі тых часоў, а таксама першае шэсьце на Курапаты. Гаворыць Уладзімер Юхо:

(Юхо: ) “Сам я ня ўдзельнічаў у тых падзеях, але бачыў тут у Зялёным Лузе мноства міліцэйскіх машынаў. Празь дзень я прачытаў у газэтах, што разагналі на Маскоўскіх могілках людзей, якія пайшлі сюды ў Курапаты. Па сутнасьці, мой лёс вырашыўся якраз у гэтыя дні. Я падтрымаў ідэі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, і ўжо праз год я быў у шэрагах Беларускага Народнага Фронту. І з тых дзён я кожны год, а апошнія тры гады амаль кожны дзень тут, у Курапатах”.

Сёньня ва ўрочышча прыйшоў Васіль Парфянкоў, адзін з найбольш актыўных удзеньнікаў доўгатэрміновай вахты памяці ў Курапатах, якая доўжылася з 24 верасьня да 3 чэрвеня 2001 году.

(Парфянкоў: ) “Недзе зь месяц тут ня быў. Канечне, я сюды прыходжу як дахаты. Прыходзіш, і адразу ўсе дрэнныя эмоцыі застаюцца на тым баку. Хачу павіншаваць усіх нарадафронтаўцаў зь іхным сьвятам, з 15-мі ўгодкамі заснаваньня Беларускага Народнага Фронту”, — сказаў Васіль Парфянкоў.

Мой наступны суразмоўца Вікенці Сушкевіч — актыўны ўдзельнік талокаў у Курапатах:

(Сушкевіч: ) “Курапаты — гэта сымбаль таго таталітарнага рэжыму, якога нельга дапусьціць надалей. І трэба рабіць усё, каб ён не паўтарыўся, таму што прыкметы таго, што ўсё можа адбыцца ізноў, у нас у наяўнасьці. Канечне, прайшло больш за паўстагодзьдзя пасьля тых падзеяў, але можа ў другім выглядзе гэта зьявіцца”.

Сярод удзельнікаў талакі — студэнт унівэрсытэту культуры Адам Шостак. Ён упершыню трапіў у Курапаты і быў вельмі ўражаны:

(Шостак: ) “Раней мне падавалася, што тут будзе ўсё менш арганізавана. Мяне ўразіла, што тут столькі крыжоў, сталькі помнікаў! Хацелася б, каб пра гэта ведала больш людзей, каб мы не згубілі нацыянальнай годнасьці, таму што Курапаты — гэта агульнабеларуская памяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG