Сёньня ў Курапатах з ранку ішоў дождж, але нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ добрапарадкавалі тэрыторыю ўрочышча напярэдадні Дзядоў.
Актывісты партыі ўжо падалі заяўку ў Менаблвыканкам на правядзеньне шэсьця й мітынгу ў Курапатах. Гаворыць сакратар управы КХП БНФ Алесь Чахольскі.
(Чахольскі: ) “На 2 лістапада на Дзяды – дзень ўшанаваньня памяці нашых продкаў – Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ падала заяўку на правядзеньне шэсьця і мітынгу ва ўрочышчы Курапаты. Збор удзельнікаў аб 11 гадзіне ля мэтро “Парк Чалюскінцаў” каля гадзіньнікавага заводу. Плянуем пачаць шэсьце ў 11.30. Запрашаем усіх узяць у гэтым удзел. Калі ласка, бярэце з сабой крыжы, бо гэта будзе крыжовае шэсьце, традыцыйнае. Вырабляйце крыжы. Гэта будзе выходны дзень, я заклікаю усіх прыходзіць з сем’ямі, дзецьмі. Плянуецца распачаць мітынг ва ўрочышчы Курапаты дзесьці ў 14.30-15.00 і прыкладна да 17 гадзіны.”
Падчас сёньняшняй талакі актывісты партыі наноў усталёўвалі пяць крыжоў, якія на гэтым тыдні выцягнулі зь зямлі невядомыя вандалы.
(Юхо: ) “У панядзелак я заўважыў, што чатыры крыжы на самой Кальварыі й пяты крыж на галоўнай Алеі Курапацкай былі выцягнутыя й перакінутыя дагары нагамі. Як кажуць некаторыя, так заўжды робяць сатаністы. Хоць і заведзеная крымінальная справа па актах вандалізму ў Курапатах, але ўлады не прыкладваюць аніякіх намаганьняў у гэтай справе. Хоць і тут дзяжурыла міліцыя некаторы час. Цяпер наагул нікога няма, ў апошні тыдзень нікога не было. У асноўным цікавяцца яны тым, у якім стане знаходзіцца помнік “лава Клінтана”, а вось уласна Курапатамі яны не цікавяцца.”
Я размаўляю з Уладзімерам Юхо, стоячы недалёк ад крыжа “Пакутнікам Беларусі”. Пляцоўка перад ім цалкам пераўтварылася ў месіва. Паўсюль сьляды будаўнічай тэхнікі. На гэтым тыдні будаўнікі чарговым разам спрабавалі ўмацаваць адхілы кальцавой дарогі. Але пасьля кожнага дажджу адхілы ізноў прасядаюць і пясок засыпае пляцоўку. Паводле Ўладзімера Юхо, калі будаўнікі ня здолеюць выправіць гэтыя хібы, будзе даволі складана трапіць у Курапаты на Дзяды, бо цяпер забалочаную пляцоўку даводзіцца проста абыходзіць.