Хутка пачнецца ўсталяваньне адмысловых памежных жалезабэтонных слупоў па пэрымэтры Курапатаў, і яны стануць асновай для будучай агароджы нацыянальнага нэкропалю. Гэтыя працы павінныя былі распачацца яшчэ некалькі месяцаў таму, але былі адкладзеная з прычыны непадрыхтаванасьці будаўнікоў.
Слупы вырабленыя за кошт прадпрыемства “Магістральаўтадор”. Сёньня вядучы інжынэр гэтай арганізацыі Аляксандар Барысевіч, а гэтаксама прадстаўнік Камітэту аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі Мікола Дайнэга разам з навуковай кіраўніцай мэмарыялу Маяй Кляшторнай канчаткова вызначылі месцы для слупоў на мясцовасьці.
Гаворыць Мая Кляшторная:
(Кляшторная: ) “Вось гэтыя межы, якія мы будзем пазначаць слупамі, гэта межы ўнутранай часткі Курапатаў, дзе непасрэдна заканчваюцца магілы. Каб ужо за гэтыя межы ня лезьлі зь нейкай гаспадарчай дзейнасьцю. Але межы Курапатаў далёка ня гэткія. Трэба, каб быў распрацаваны праект ахоўных зонаў, які абмяжоўвае ўсялякае ўмешальніцтва з будаўніцтвам ці з гаспадарчай дзейнасьцю ў межы гэтага помніка. Зараз я бачу, там кран стаіць, ужо тэхніку запусьцілі ля капліцы. Гэта страшэннае парушэньне, мы ўжо бачым дарогу, якая заканчвае сваё будаўніцтва. Той жа самы наступ і зь іншых бакоў”.
Мая Кляшторная мела на ўвазе будаўніцтва, якое вядзецца ў непасрэднай блізкасьці ад Курапацкага лесу. З аднаго боку, тут працуе прадпрыемства “ВИГЕврострой” — на тэрыторыі прыблізна 300 на 300 мэтраў зьнялі глебу, цяпер па пэрымэтры зьбіраюцца ўсталёўваць агароджу з бэтонных блёкаў і надалей распачаць будаўніцтва катэджаў.
Паводле прадстаўніка Камітэту аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міколы Дайнэгі, гэтыя працы распачаліся без узгадненьня з Камітэтам. І таму будзе зробленае адмысловае распараджэньне “ВИГЕврострою” пра парушэньне будаўнічых нормаў, паведаміў спадар Дайнэга.
Побач пашырае свае межы й праваслаўнае “Спаскае падвор’е”. На падмурку капліцы тут будуецца драўляны храм. Як сьцьвярджае сьвятар Уладзімер Стукач, 9 верасьня аблвыканкам даў дазвол на тое, каб выдзяліць праваслаўнай царкве частку зямлі ад кальцавой дарогі да капліцы, якраз уздоўж курапацкага лесу. Паводле Ўладзімера Стукача, мітрапаліт Філарэт даў блаславеньне на будаўніцтва на гэтай зямлі скіта, а пасьля й сястрынства.
Варта дадаць, што навуковая рада Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі дала згоду на выдзяленьне праваслаўнай царкве толькі тэрыторыі 30 на 40 мэтраў для пабудовы капліцы. Што да вялікага кавалку, дарэчы, дарагой зямлі ўздоўж курапацкага лесу, то яе выдзяленьне адбылося без узгадненьня й незаконным чынам. Гэтак сьцьвярджае навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная.
Сёньня ў Курапатах я засьпела актывіста Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Юхо.
(Юхо: ) “Заўтра ў нас талака. Я запрашаю ўсіх прыходзіць у Курапаты, паглядзець, што тут адбываецца, і папрацаваць, можа, гадзінку якую...”
Талака распачнецца заўтра аб адзінаццатай гадзіне.