“Работы на тэрыторыі ўрочышча Курапаты вядуцца без дазволу Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры,” – паведаміла сёньня Радыё Свабода прадстаўніца Дэпартамэнту Аксана Сматрэнка, камэнтуючы сытуацыю, якая склалася ў Курапатах.
Нагадаю, што туды будаўнікі завезьлі без папярэджаньня і тлумачэньня бэтонныя пліты і паклалі іх на пляцоўцы ля крыжа Пакуты. Якія санкцыі можа ўжыць Дэпартамэнт аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры да будаўнічых арганізацыяў?
Паводле Аксаны Сматрэнкі, Дэпартамэнт можа даслаць Магістральаўтадору яшчэ адно распараджэньне. І калі й яно ня будзе выкананае, то ўзьняць пытаньне аб пазбаўленьні заказчыка ліцэнзіі на правядзеньне будаўнічых работ.
У Курапатах па-ранейшаму дзяжураць сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Гаворыць актывіст партыі Ўладзімір Юхо:
(Юхо: ) “Сябры КХП пачалі рэгулярна дзяжурыць у сувязі з тым, што парушаюць будаўнікі пакой на галоўнай пляцоўцы, перад крыжом Пакуты. Тыя пліты мы не далі разгружаць, яны так і ляжаць. Трубы таксама ляжаць. Яны бачаць, што ёсьць людзі. Цішыня як перад бурай. Ну, пазаўчора тут прыяжджалі са Ждановіцкага лясьніцтва, сказалі, што ім патэлефанавалі і загадалі прыбраць лес – Вы бачылі, што тут, у Курапатах, з гэтага боку вельмі ўсё чыста, мы на талацэ ўсё прыбралі. Праўда, ляжала вялікае бервяно каля дарогі, я папрасіў, каб яны з гэтага бервяна зрабілі лавачку. Яны нават дзьве лавачкі зрабілі. Зараз жанчынам, якія прыходзяць сюды, можна пасядзець, адпачыць.
У нас, як заўсёды ў суботу, а 12-й гадзіне талака”.
Як паведаміў сёньня Радыё Свабода намесьнік старшыні “Магістральаўтадору” галоўны інжынэр будоўлі Сяргей Ісакаў, бэтонныя пліты, завезеныя ва ўрочышча, патрэбныя для ўмацаваньня адхілу дарогі, у тым месцы, дзе пракладзеная труба для сьцёку вады.
На самой пляцоўцы ля крыжа Пакуты земляныя працы весьціся ня будуць. Сяргей Ісакаў сьцьвярджае, што зараз будаўнікі спрабуюць узгадніць свае дзеяньні з праектным інстытутам.