Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АД ПАЧАТКУ ГОДУ Ў МЕНСКУ ЗДАЛІ СВАЕ ПАСЬВЕДЧАНЬНІ 20 000 ІНДЫВІДУАЛЬНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ – ТРАЦІНА АД АГУЛЬНАЙ КОЛЬКАСЬЦІ


Юлія Шарова, Менск

Наведнікі менскіх рынкаў і гандлёва-выставачным цэнтраў даўно запрыкмецілі, што шмат павільёнаў цяпер стаяць пустыя. Раней на Ждановічах гандляры стаялі літаральна на кожным вольным квадратным мэтры. Цяпер іх стала значна меней – вольнымі застаюцца 30% месцаў. У гандлёвым цэнтры “Купалаўскі” вольныя 35% гандлёвых плошчаў. Цэнтар “Атлянтык” пусты амаль напалову, на выставе-кірмашы ў Палацы спорту 50% месцаў вольныя. Выстава “Армонія” зачынілася зусім, бо там няма каму працаваць. Гэтыя зьвесткі падае Беларускі саюз прадпрымальнікаў, які зьдзейсьніў маніторынг усіх найбуйных менскіх гандлёвых пляцовак.

Галоўныя прычыны, зь якіх прадпрымальнікі пакідаюць гандаль, вельмі зразумелыя: высокія падаткі і арэндная плата. Вядома, што калі Менскі гарсавет зацьвярджаў стаўкі адзінага падатку на гэты год, то яны былі ўзьнятыя на максымальна магчымую вышыню амаль па ўсіх відах дзейнасьці. Арэндная плата таксама высокая – у “Купалаўскім” за квадратны мэтар гандлёвай плошчы плацяць 105 эўра. Вядома, усе гэтыя чыньнікі вядуць да паступовага збанкрутаваньня прадпрымальнікаў, і тыя сыходзяць. Ад пачатку году ў Менску здалі свае пасьведчаньні 20 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў – траціна ад агульнай колькасьці.

Менгарвыканкам тым часам абвесіціў конкурс на рэалізацыю інвэстыцыйнага праекта “Будаўніцтва падземнага гандлёвага цэнтру” на плошчы Незалежнасьці. Пад гэты праект будзе выдаткоўвацца крэдыт сама меней у памеры 70 мільёнаў даляраў. Будуюць шэраг дробных гандлёвых цэнтраў у аддаленых мікрараёнаў, гэтак, у найбліжэйшы час абяцаюць адчыніць новы аб’ект у Заводзкім раёне на перакрыжаваньні вуліц Несьцерава й Герасіменкі. Самі чыноўнікі ў прыватных размовах прызнаюцца, што посьпеху гэтыя праекты могуць ня мець – папросту няма ахвочых працаваць. Але тым ня менш, новыя гандлёвыя цэнтры будуюцца.

Дарэчы, адмыслоўцы Беларускага саюзу прадпрымальнікаў прадказваюць, што ў далейшым колькасьць дробных прадпрымальнікаў у Менску можа зноў істотна зьнізіцца з-за пагаршэньня ўмоваў працы. Рэч у тым, што ў канцы сакавіка быў прыняты прэзыдэнцкі дэкрэт № 10, які пастанавіў вызначаць стаўкі арэнднай платы паводле вынікаў аукцыёнаў. Пакуль новая сыстэма яшчэ не запрацавала актыўна і паўсюдна, аднак ёсьць небясьпека таго, што калі выкананьне дэкрэту стане абавязковым, арэндная плата ўзрасьце яшчэ больш, прытым што на гандлёвых пляцоўках дастаткова вольных месцаў, на якія ніхто не прэтэндуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG