Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 5 СЬНЕЖНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Звязда”, 1973 год:

“У сьвеце законаў нямала
І разнастайных хартый.
Мы молат зь сярпом зьядналі
Воляй, змаганьнем упартым.
Свае мы пісалі законы
Па літарцы дбала і чула
То шашкамі эскадронаў,
То грозным гарматным гулам,
То тачкай, якой над Амурам
Узводзіўся горад новы,
То шумам тайгі панурай,
дзе клалі мы шлях адмысловы.
Закон! — мы ў яго закладалі
Свой новы пагляд і характар,
Які быў круты, як са сталі,
З адменным вогненным гартам!..
Закон! — гэта люстра дзяржавы,
Узьнятая ў неба паходня.
Закон! — гэта нашае права
І наша вялікая годнасьць”.

“Звязда”, 1993 год. І.Сінякевіч паведамляе зь беларускага парлямэнту, дзе ў тыя дні абмяркоўваўся 17 артыкул праекту Канстытуцыі аб дзяржаўнай мове:

“Станіслаў Шушкевіч не хаваў сваіх адносін да гэтага пытаньня. Ён адзначыў, што тое становішча, у якім апынулася зараз беларуская мова, было створана сілай, гвалтам. Для гэтага ў мінулыя часы выкарыстоўвалася дзяржаўная прапаганда і моц. Старшыня заявіў, што ні ў адной краіне былога Саюзу рускай мове не нададзены статус другой дзяржаўнай мовы. Але найбольш вострым было выступленьне дэпутата Сяргея Давідовіча, які заявіў, што руская мова — гэта хвароба, якая занесена да нас, і ад яе трэба лячыцца. “Кожная маці клапоціцца перш за ўсё аб самым кволым ці хворым дзіцяці. А менавіта ў такім стане зараз беларуская мова”.

“Культура”, 1993 год. Яўген Вайтовіч адказвае, чаму ён пакідае пасаду міністра культуры Беларусі:

“Я лічу, што пяцігадовы тэрмін — аптымальны. Наогул, людзі не павінны заседжвацца ні на якіх адміністратыўных пасадах. У “шматгадовага” начальніка зьяўляюцца стэрэатыпныя хады, упэўненасьць ва ўласнай беспамылковасьці ды іншыя нэгатыўныя якасьці. Таму я лічу, што на ўсіх узроўнях павінна быць ракіроўка кадраў. На Захадзе даўно падобнае зрабілася нормай. Чалавек, які доўга сядзіць на адным месцы, губляе сьвежасьць успрыманьня і ператвараецца ў тормаз. Да таго ж, я застаўся самы апошні зь міністраў культуры былога СССР”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG