Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 5 ЛІСТАПАДА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Камунар Магілеўшчыны”, 1933 год:

“Да ведама адміністрацыі ўсіх прадпрыемстваў і ўстаноў, а таксама ўсяго насельніцтва гораду Магілева. Пастановы Магілеўскага Гарсовета ад 2 верасьня і 28 верасьня 1933 году аб увядзеньні пашпартнай сістэмы некаторымі кіраўнікамі прадпрыемстваў, устаноў і паасобнымі грамадзянамі не выконваюцца. Да гэтага часа маецца шмат рабочых і служачых на прадпрыемствах і ўстановах, ня маючых пашпартоў. Магілеўскі Аперацыйны Сэктар Міліцыі папярэджвае, што калі пры праверцы на прадпрыемствах і ўстановах знойдуцца асобы без адпаведных пашпартоў і адзнак у іх аб прыёме на работу, то кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў будуць прыцягнуты да адказнасьці”.

“Чырвоная змена”, 1963 год:

“У Маскве 3 лістапада ў поўдзень адбыўся шлюб лётчыкаў-касманаўтаў Валянціны Церашковай і Андрыяна Нікалаева. З самай раніцы маскоўскія і замежныя карэспандэнты прыбылі на вуліцу Грыбаедава да Палаца шлюбаў, каб прысутнічаць на ўрачыстай цырымоніі нараджэньня першай “касьмічнай” сям’і. Сотні людзей акружылі Палац. Раздаліся гучныя прывітаньні, воклічы “ура!”, калі з машын выйшлі жаніх і нявеста. Масквічы літаральна засыпалі іх кветкамі. Яна апранута ў белую пышную сукенку, ён — у строгі чорны касьцюм. Абодва яны не скрываюць радасьці, ветліва ківаюць знаёмым… 300 гасьцей сабраліся па запрашэньню Валянціны Церашковай і Андрыяна Нікалаева на вясельную ўрачыстасьць у Палац прыёмаў на Ленінскіх гарах”.

“Могилевские ведомости”, 1993 год. Ягор Рыбакоў выказваецца з нагоды Дзядоў:

“Нельга схаваць і расчараваньня. Гэтае сьвята пакуль што не зрабілася ў Магілёве днём яднаньня ўсіх людзей перад памяцьцю продкаў. Чамусьці ўлады аддалі даніну памяці толькі тым, хто загінуў у вайну, аднак ня ўкленчылі перад крыжом на месцы масавых рэпрэсіяў. А прыхільнікі БНФ забылі ўскласьці кветкі тым, хто абараніў краіну ў страшныя гады фашысцкай акупацыі. Якая прычына? У кожным разе ня верыцца, што яна ў чалавечай душы. Яе хочацца растлумачыць проста нашай звыклай “саўковасьцю”, якая, аднак, паступова вядзе грамадзтва да дэградацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG