“Віцебскі пралетары”, 1933 год, ліст старшыні рэдкалегіі насьценгазэты С.Котава пад загалоўкам “Ці так павінна работаць газэта ў час сяўбы?”:
“У нашым калгасе “Шлях Ільліча” Даўжанскага сельсавету выходзіць агульная насьценгазэта і трохдзёнкі-штурмоўкі па брыгадах. Я, як адказны рэдактар агульнакалгаснай насьценгазэты, імкнуся як мага шырэй разгарнуць работу нізавога друку ў калгасе, але ж мне няма ніякай дапамогі як з боку праўленьня калгасу, так і з боку камсамольскай ячэйкі. Больш таго, яны не рэагуюць нават на яўныя факты заціску самакрытыкі. Так, напрыклад, калгасьніца Пелагея Катовая пагражала мне, як рэдактару: я табе цэглай галаву праламлю за тое, што ты прапусьціў на мяне заметку… Я прашу, каб мне дапамаглі ў маёй рабоце і перш за ўсё зламілі-б апартуністычныя адносіны да кіраваньня калгаснага друку”.
“Сталинская молодежь”, 1953 год, рэдакцыйны артыкул “Магутная зброя ў барацьбе за камунізм”:
“Сёньня — Дзень савецкага друку. Гэты дзень адзначаюць штогод у гадавіну выхаду першага нумара штодзённай масавай рабочай газэты “Правда”, заснаванай у 1912 годзе вялікімі правадырамі працоўных Леніным і Сталіным. Дзень савецкага друку праходзіць як агляд посьпехаў нашага сапраўды народнага друку. Аточаны клопатам партыі і народу, ён вырас, умацаваўся і ўяўляе цяпер вялікую сілу камуністычнага будаўніцтва. Толькі ў нашай рэспубліцы, дзе ў часы царскай Расеі не было аніводнай масавай беларускай газэты, цяпер выдаюцца 10 рэспубліканскіх, 12 абласных, 174 раённых, 15 шматтыражных і 124 газэты палітаддзелаў МТС, разавы наклад якіх перавышае 1 мільён асобнікаў”.
“Могилёвские ведомости”, 1993 год, рэкляма сэансаў народнага лекара Юрыя Матынгі і водгукі ягоных кліентаў:
“22 красавіка мелася адбыцца апэрацыя па выдаленьні кісты на нырцы. Пасьля сэансу кіста зьнікла. Ні я, ні доктар не маглі ў гэта паверыць. Схіляюся перад Богам, які творыць у Вас гэты цуд. Пінчук, Віцебск”; “Вялікі дзякуй! Хварэла 15 гадоў на цукроўку. Ужо 7 месяцаў цукар у норме, абыходжуся бязь лекаў. Слава Ўсявышняму! Настасься Нікіфараўна, Чавусы”; “У маёй маладой аўчаркі вэтэрынар прызнаў інфэкцыю. Хадзіў на Вашыя сэансы з фотаздымкам аўчаркі, паіў яе зараджанай Вамі вадой. На чацьверты дзень сабака паправіўся. Сярожа Дудальскі, Магілёў”.