Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 7 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

7 траўня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень работнікаў радыё, тэлебачаньня і сувязі. Дата, на якую прыпадае Дзень радыё, пазычаная з расейскай гісторыі. Менавіта 7 траўня 1895 году пецярбурскі прафэсар Аляксандар Папоў прадэманстраваў камісіі сваю вынаходку – "грозоотметчик". Гэта была адмысловая антэна, што фіксавала электра-магнітныя хваляваньні атмасфэры.

7 траўня ў розныя гады прыйшлі на сьвет знакаміты нямецкі кампазытар Яганэс Брамс і ня менш славуты расеец Пётар Чайкоўскі. Верагодна, някепскі музычны слых меў і шматгадовы кіраўнік Югаславіі Ёсіп Броз Тыта, які таксама нарадзіўся сёмага траўня.

7 траўня 1942 году ў Менску фашысты павесілі Ісая Казінца, кіраўніка гарадзкога патрыятычнага падпольля. Ягонае імя носіць сёньня адна зь менскіх вуліц, ёсьць таксама памятны знак у Цэнтральным сквэры – на месцы, дзе яго пакаралі сьмерцю.

Цяпер пра каляндарныя адметнасьці заўтрашняе суботы.

Народная назва дня 8 траўня – Марк. “Дождж на сьвятога Марка – дык зямля, як скварка” – казалі нашыя продкі-праваслаўныя. А нашы продкі-каталікі ўшаноўвалі ў гэты дзень сьвятога Станіслава. “Сей лён на Станіслава – вырасьце поўна лава”.

Праўда, сярод славутасьцяў, якія нарадзіліся 8 траўня і якіх мы згадаем у сёньняшнім календары, няма ні Маркаў, ні Станіславаў. А ёсьць, да прыкладу, Іван. Іван Фёдаравіч Паскевіч, граф Эрыванскі. Расейскі палкаводзец украінскага паходжаньня, які ўвайшоў у беларускую гісторыю як акупацыйны правіцель, што кіраваў задушэньнем паўстаньня 1831 году і атрымаў сабе ва ўласнасьць Гомель, дзе збудаваў палац, што і сёньня людзі называюць палацам Паскевіча.

Заўтра таксама – дзень нараджэньня Сьцяпана Некрашэвіча, беларускага мовазнаўцы. У 1920-я гады акадэмік Некрашэвіч узначальваў усю мовазнаўчую працу на Бацькаўшчыне. Ягоная актыўнасьць не магла не прыцягнуць увагу “кампэтэнтных органаў”. У 1930-м годзе Некрашэвіча арыштавалі і выслалі ва Ўдмурцію, а ў 1937-м вярнулі ў Менск і расстралялі.

Спаміж іншых славутасьцяў, што нарадзіліся 8 траўня, 33-ці амэрыканскі прэзыдэнт Гары Трумэн і францускі пісьменьнік Раман Гары.

Заўтра – Сусьветны дзень Чырвонага крыжа і Чырвонага паўмесяца. Цікава, што пачаўся гэты рух як рух дапамогі параненым у 1863 годзе, калі ў Беларусі палала паўстаньне Каліноўскага.

8 траўня 1945 году ў прадмесьці Бэрліну Карсгорсьце прадстаўнік вэрмахту фэльдмаршал Кейтэль надпісаў Акт канчатковай капітуляцыі Нямеччыны ў другой сусьветнай вайне.

8 траўня 1999 году ў Менску камандзір СОБР’а Паўлічэнка вяртае начальніку турмы Алкаеву расстрэльны пісталет. У сваім рапарце генэрал Лапацік выказвае меркаваньне, што з гэтага пісталету быў забіты зьніклы напярэдадні экс-міністар унутраных справаў Юры Захаранка. Афіцыйнага заключэньня ў гэтай справе няма дагэтуль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG