Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

Спачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

14 сакавіка 2000 году Папа рымскі Ян Павал ІІ зрабіў беспрэцэдэнтны крок. Ён папрасіў прабачэньня ў Госпада Бога і вернікаў за ўсе тыя грахі і памылкі, якія каталіцкая царква ўчыніла за 2 тысячы гадоў. Упершыню ў гісторыі кіраўнік Касьцёла прасіў дарунку за грахі перад габрэямі, жанчынамі, ерэтыкамі і паганцамі, якіх на працягу стагодзьдзяў палілі на вогнішчах, забівалі, сілком хрысьцілі, выганялі з дамоў і ўсяляк перасьледавалі.

14 сакавіка 1681 году прыйшоў на сьвет выдатны нямецкі кампазытар Георг Піліп Тэлеман. А 14 сакавіка 1804 году нарадзіўся аўстрыйскі кампазытар Ёган Штраус. Гэта значыць, што яму сёньня спаўняецца 200 гадоў. Штраўс лічыцца стваральнікам новага кшталту вальса, так званага венскага.

14 сакавіка 1879 году нарадзіўся славуты фізык Альбэрт Эйнштэйн. Яшчэ ў 1921 годзе Эйнштэйн быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй.

14 сакавіка 1883 году ў Лёндане памёр філёзаф Карл Маркс. Праз 30 гадоў пасьля сьмерці Маркса ягоную тэорыю паспрабавалі ўвасобіць у жыцьцё ў Расеі. На экспэрымэнт спатрэбілася ажно 70 гадоў. Урэшце ўсе зразумелі ўтапічнасьць камунізму і ад тэорыі вырашылі адмовіцца.

14 сакавіка 1895 году ў Плябанцах пад Менскам нарадзіўся беларускі архітэктар Іван Валадзько. А 14 сакавіка 1943 году пакінуў гэты сьвет прэзыдэнт БНР Васіль Захарка. Прэзыдэнтам ён стаў ужо ў эміграцыі, у Празе, дзе і памёр.

Цяпер пра сёньняшнія даты.

15 сакавіка 1994 году была прынятая Канстытуцыя РБ. Першая канстытуцыя незалежнай Беларусі. Падпісаў яе тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб. Канстытуцыя ўводзіла ў краіне пасаду прэзыдэнта, але не давала гарантыяў ад аўтарытарнае мадэлі ўлады.

15 сакавіка 1868 году ў Менску нарадзіўся Яўген Ляцкі, гісторык літаратуры, зьбіральнік фальклёру. Скончыўшы Маскоўскі ўнівэрсытэт, Ляцкі падарожнічаў па Беларусі і Літве ў пошуку этнаграфічных матэрыялаў. Пасьля бальшавіцкае рэвалюцыі 1917 году Ляцкі перабраўся ў Прагу і там у Карлавым унівэрсытэце загадваў катэдрай расейскай мовы і літаратуры. З-пад пяра вучонага выйшлі працы “Уяўленьні беларуса пра нячыстую сілу“, “Нататкі па беларусазнаўству“ і артыкул пра творчасьць Якуба Коласа, а таксама капітальныя “Матэрыялы для вывучэньня творчасьці і быту беларусаў“.

Таксама 15 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі пісьменьнік Андрэй Мрый і фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Жарэс Алфераў, які нарадзіўся ў Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG