У Магілёўскай вобласьці на аснове праекту, які цяпер называюць “краснапольскім”, пабудавана дзевяць школаў. Ва ўсіх гэтых будынках, якія знаходзяцца ў розных раённых цэнтрах, Бабруйску і Магілёве, спартовыя залі апячатаныя, пакуль камісія ў Краснапольлі ня высьветліць, ёсьць хібы ўвогуле ў праекце альбо няма. Акрамя гэтага, спартовыя, а таксама і актавыя залі зачыненыя для падстрахоўкі ў тых школах, дзе ня могуць адшукаць праектную дакумэнтацыю. У Бабруйску зачынілі басэйн у фізкультурна-аздараўленчым клюбе, дзе займаліся дзеці. Будзе праводзіцца экспэртыза будынку.
Сёньня ў пасёлку Міхееўка Дрыбінскага раёну пачалі тэрміновы рамонт школы-садка. Там паўтара году таму заўважылі, што ў спартовай залі прагнуліся перакрыцьці. Увесь гэты час дзеці вучыліся ў адной палове школы, абедалі ў фае, а фізычнай культурай займаліся ў голе і на вуліцы.
Пасьля трагічнага здарэньня ў Краснапольлі бацькі міхееўскіх школьнікаў запатрабавалі ад уладаў дакладна высьветліць, ці бясьпечны будынак школы. Заняткі спынілі, прыехала камісія. Пра вынікі яе работы паведаміў загадчык Дрыбінскага райаддзелу адукацыі Васіль Саўчанка.
(Саўчанка: ) “Часова, натуральная, спартовая заля зачыненая. У правым баку заняткі дазволеныя. Мы надрукавалі ў газэце, што небясьпекі для дзяцей няма”.
Паводле рэкамэндацыяў камісіі, да заўтрашняга дня будаўнікі павінны ўсталяваць у спартовай залі Міхееўскай школы страховачныя драўляныя стойкі, а потым пачаць паўнавартасны рамонт.
Будаўнічыя работы, паводле словаў жыхароў Краснапольля, вядуцца і ў школе №1, дзе адбылася трагедыя. Дзеці цяпер знаходзяцца на аздараўленьні ў санаторыях і лягерах на Магілёўшчыне, а таксама ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласьці. Бацькі малодшых школьнікаў, якія трапілі на Віцебшчыну, са словаў дзяцей скардзяцца на арганізацыю адпачынку. Гаворыць бацька 10-гадовага школьніка:
(Спадар: ) “Запёрлі, сьпіхнулі па-хуткаму. Усе непадрыхтаванае, ні доктараў, нічога толкам няма. Усе хворыя пагалоўна. Горла баліць. Эпідэмія нейкая. Празь дзень дзіця тэлефануе, просіцца дадому. Учора прасіў: “Прыедзьце, забярыце мяне”.
Дзеці, якія трапілі ў Краснапольскі раённы шпіталь з рознымі траўмамі пасьля абвалу перакрыцьцяў у школе, выпісаныя дадому. Некаторыя зь іх далучыліся да сваіх клясаў у аздараўленчых установах, дзе таксама праводзяцца скарочаныя заняткі. Адзін хлопчык яшчэ застаецца ў шпіталі ў Менску.