На сходзе было каля 50 чалавек. Яны пастанавілі стварыць першасную арганізацыю прафсаюзу прадпрымальнікаў “Садружнасьць”. Разам вырашылі чакаць дзеяньняў з боку ўладаў яшчэ дзень. Калі нічога ня зьменіцца, да акцыі пратэсту могуць далучыцца яшчэ чалавек 20, — сказаў прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які першым распачаў галадоўку.
Кіроўцаў турбуе тое, што ўлады ня робяць рэальных крокаў, каб разьвязаць канфліктную сытуацыю. Асабліва расчаравала галадоўнікаў, што дагэтуль не вярнулі аўтамабіляў, якія арыштавала падатковая служба. Хаця сам старшыня аблвыканкаму Саўчанка паабяцаў, што іх вернуць пасьля выходных.
Перад абедам зьявілася няспраўджаная інфармацыя, што ўлады рыхтуюць супраць галадоўнікаў сілавую акцыю. Мне затэлефанаваў Мікалай Аўтуховіч і сказаў, што мае наступныя зьвесткі: пры канцы дня з Горадні нібыта прышлюць шэсьць амбуляторных машын, каб забраць кіроўцаў таксовак і прымусам вывесьці іх з галадоўкі.
Старшыні аблвыканкаму на месцы не было. Каб паспрабаваць высьветліць сытуацыю, я зьвярнуўся да ягонага памочніка Ўладзімера Малевіча:
(Малевіч: ) “Займаюцца ў нас людзі гэтым пытаньнем, нашы юрысты. Выклікалі падатковую, усе дакумэнты падалі, вывучаем іх і будзем вырашаць праблему”.
Уладзімер Малевіч сказаў, што зьвярталіся маці галадоўнікаў з просьбай дапамагчы ім, гаварылі, што прасілі сыноў сканчаць галадоўку. Усё будзе вырашацца ў законным парадку, праз суд, — запэўніў памочнік старшыні аблвыканкаму. Я пацікавіўся ў яго наконт магчымасьці прымусам вывесьці кіроўцаў з стану галадоўкі і атрымаў такі адказ:
(Малевіч: ) “Я такога ня чуў. Яны там самі паміж сабой, напэўна, нагнятаюць гэтую справу”.
Галадоўнікі вырашылі рыхтавацца да магчымай сілавой акцыі супраць іх, каб ня быць засьпетымі зьнянацку. Гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі Леанід Сінапалаў:
(Сінапалаў: ) “Я гатовы змагацца да канца, адстойваць свае інтарэсы. Я чакаю справядлівасьці ад улады, што справядлівасьць усё ж пераможа. Не павінна быць так, што начальства займаецца беззаконьнем у горадзе Ваўкавыску”.
Гэтак лічыць адзін з галадоўнікаў — кіроўца таксоўкі Леанід Сінапалаў. Ён чалавек сямейны, мае двух дзяцей.