Як у сувязі з гэтым зьмянілася сытуацыя на беларуска-расейскім памежжы?
Участак дарожнай міліцыі каля вёскі Каськова знаходзіцца на мяжы Мсьціслаўскага раёну Магілёўскай вобласьці і Хіславіцкага раёну Смаленскай губэрні. Апошнімі днямі супрацоўнікі ўчастку назіраюць за першымі наступствамі ўвядзеньня абавязковага страхаваньня ў Расеі: паток беларускіх машынаў, якія едуць да суседзяў, істотна скараціўся.
(Супрацоўнік: ) “Зь сёньняшняга дня (я заступіў сёньня) ужо меней. Шмат аўтамабіляў вяртаецца назад і яны едуць па дарозе, дзе няма страхавых агентаў расейскіх. Кожны будзе шукаць іншую дарогу”.
На расейкім памежным пункце ўсіх кіроўцаў запрашаюць у вагончык Расейскай дзяржаўнай страхавой кампаніі. Там беларусаў знаёмяць з новым законам і коштамі. Для таго, каб застарахаваць сярэднюю легкавую машыну на 15 дзён (гэта мінімальны тэрмін, і яму аддаюць перавагу беларусы), трэба заплаціць амаль 700 расейскіх рублёў, страхоўка на гэты ж тэрмін для цягача — амаль 1700 рублёў. Вось рэакцыя беларускіх аўтаўладальнікаў:
(Спадар: ) “Як плаціць гэта? Гэта жахліва. А хто пацерпіць ад гэтага? Простыя рабацягі”.
(Іншы: ) “Залезьлі ў кішэню і сьціпла што-небудзь выцягнулі”.
(Спадар: ) “Ой, гэта зусім дарагія страхоўкі, вы што? Дрэнна, канечне, ставімся. Такія грошы!”
Некаторыя кіроўцы не сьпяшаюцца страхавацца, спрабуюць рызыкнуць і перасекчы мяжу. Аднак, паводле словаў супрацоўнікаў памежнага пункту, іх будуць выдаляць з тэрыторыі краіны.
(Спадар: ) “Мне на адзін дзень туды заехаць — 1080 рублёў плаціць за 15 дзён. Цяпер, каб трапіць да сваякоў, будзем езьдзіць на аўтобусе”.
(Іншы: ) “Гэта сьмешна, астранамічныя сумы, хочуць хутка падняцца за кошт беларусаў. Беларускага перавозчыка хочуць выціснуць з рынку, ды і ўсё”.
Аўтаўладальнікі лічаць, што страхоўкі патрэбныя, аднак расейскія кошты іх абураюць. Дарэчы, расейцы страхуюць свае аўтамабілі ў Беларусі яшчэ з 1999 году, аднак ім трэба плаціць меней — 53 эўра на год. Кіроўцы вялікагрузных аўтамабіляў гавораць, што цяпер за страхоўку ў Расеі трэба плаціць болей, чым за эўрапейскую, і да таго ж сумы кампэнсацыяў у выпадку дарожна-транспартных здарэньняў у Расеі, на іх погляд, мізэрныя. Людзі лічаць, што ў адказ справядліва было б падняць кошты на беларускія страхоўкі для расейцаў.
(Спадар: ) “Ніякага сяброўства славянскіх народаў няма. Мы для іх замежнікі. А беларусам расейцы як браты. І ўся розьніца ў кошце: расейцам — 20 даляраў, нам — 100 даляраў”.
Прадпрымальнікі з Амсьцсілаўскага рынку — у лёгкай паніцы ў сувязі з расейскімі страхоўкамі. Усе яны езьдзяць па танны тавар на той бок мяжы. Дадатковыя выдаткі, прагназуюць прадпрымальнікі, адаб’юцца на коштах.
(Спадар: ) “Расейская страхоўка для нас, для прадпрымальнікаў — гэта нож у сьпіну. Бачыце, мы возім харчы, завозім іх на два дні і калі мы будзем езьдзіць тры разы на тыдзень, нам трэба падняць цэны яшчэ на 30%”.
(Іншы: ) Жыцьцё нашае не палепшыцца, а пагоршыцца, вось і ўсё. Вось і славянскае братэрства!”