Каардынатар Сыстэмы калектыўнай абароны грамадзкіх арганізацыяў пры Асамблеі НДА Юрась Чаўсаў лічыць, што рашэньне суду не юрыдычнае. Бо “Грамадзянскія ініцыятывы” мелі ўсе доказы таго, што кампутары, перададзеныя цэнтру прадстаўніцтвам ААН, выкарыстоўваліся мэтава:
(Чаўсаў: ) “Суд фактычна не прыслухаўся да аргумэнтаў адказьніка, хаця аргумэнты былі жалезабэтонныя. Яны прызналі, што “Грамадзянскія ініцыятывы” не належным чынам выкарыстоўвалі замежную бязвыплатную дапамогу, атрыманую па праграме разьвіцьця ААН. Згодна з усімі нормамі заканадаўства, гэтыя кампутары выкарыстоўваліся належным чынам. Гэтае рашэньне палітычна матываванае.
Мне цяжка сказаць, адкуль — але паступіў загад ліквідаваць найбольш буйныя і дзейсныя рэгіянальныя структуры, якія падтрымліваюць іншыя арганізацыі. “Грамадзянскія ініцыятывы” — гэта рэсурсавы цэнтар. Ліквідаваць “Грамадзянскія ініцыятывы” — гэта моцны ўдар па ўсёй грамадзянскай супольнасьці Гомельшчыны. Ініцыяваная арганізацыямі сябрамі Асамблеі кампанія “Наша салідарнасьць” прадэманстравала, што трэці сэктар здольны абараняцца. Але ў гэтым выпадку юрыдычны бок ня быў галоўным, і відавочная палітычная матываванасьць гэтых справаў”.
Кіраўнік гарадзенскага аб’яднаньня “Ратуша” і старшыня Асацыяцыі рэсурсавых цэнтраў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч перакананы, што ўлады пачалі мэтанакіраваную кампанію ліквідацыі ўсіх недзяржаўных структураў, што займаюцца распаўсюдам альтэрнатыўнай інфармацыі:
(Мілінкевіч: ) “Пасьля таго, як закрылі “Белорусскую деловую газету”, стала зразумела, што тое самае будзе з грамадзкімі арганізацыямі. Гэта адна кампанія, і галоўная праблема ўлады — барацьба за манаполію на інфармацыю. Рэсурсныя цэнтры і газэты выконваюць адную й тую ж ролю — разбураюць інфармацыйную блякаду ўладаў. Я думаю, што такі ж лёс чакае й іншыя арганізацыі, дзе цяпер ідзе працэс ліквідацыі. Гэта арганізацыі, якія ствараюць сеткі NGO, і гэта таксама непакоіць уладу. Ударам па “Грамадзянскіх ініцыятывах” парушаюцца сувязі па ўсёй Гомельшчыне. На мой погляд, не было зроблена нічога, каб абгрунтаваць гэта законна. І прадстаўнікі ўладаў нават не спрабавалі гэта зрабіць. Сьмешныя, абсурдныя абвінавачаньні”.
Ён лічыць, што аб’яднаньне “Ратуша” таксама будзе ліквідаванае. Аляксандар Мілінкевіч гаворыць, што рэсурсавым цэнтрам нічога не застаецца, як дзейнічаць у Беларусі нелегальна.