Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА ІНФАРМАЦЫІ АБВЕСЬЦІЛА ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ “ПРЕДПРИНИМАТЕЛЬСКОЙ ГАЗЕТЕ”


Юры Сьвірко, Менск

Дагэтуль, праз суткі пасьля падзеі, застаецца загадкай, хто ажыцьцявіў канфіскацыю дзясятай часткі накладу супольнага нумару “Предпринимательской газеты” і “БДГ”. Рэдакцыі абодвух выданьняў высьветліць гэта ня здолелі, хаця і зьвярталіся ў розныя органы МУС. Я таксама патэлефанаваў дзяжурнаму Менскай абласной управы ўнутраных справаў, бо канфіскоўваў газэты нехта Грахоўскі, які прадставіў пасьведчаньне супрацоўніка абласной міліцыі. Дзяжурны спытаўся, у якім раёне адбылася канфіскацыя, і заявіў:

(Дзяжурны абласной УУС: ) “У Цэнтральным раёне Менску? Гэта ня мы. Гэта ж ня мы канфіскоўваем. Гэта мусяць канфіскоўваць менскія, гэта ж ня наш раён”.

Але такі самы дзяжурны Менскае гарадзкое міліцыі сказаў:

(Дзяжурны гарадзкой УУС: ) “Не, у нас нічога не праходзіла”.

А супрацоўнік прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Віталь Грынкевіч валодаў толькі старой інфармацыяй — пра затрыманьне ўсяго накладу газэты ў ноч з аўторка на сераду:

(Грынкевіч: ) “Наконт накладу газэты — ён быў цалкам аддадзены прадстаўнікам газэты”.

На пытаньне пра новую, частковую канфіскацыю спадар Грынкевіч адказаў гэтак:

(Грынкевіч: ) “Пакуль не валодаю сытуацыяй, прабачце”.

Тым часам кіраўніца галоўнай прававой управы Міністэрства інфармацыі Лілія Богдан заявіла:

(Богдан: ) “Нічога па гэтым пытаньні вам сказаць не магу. Не кампэтэнцыя Міністэрства інфармацыі канфіскоўваць часткі накладу”.

Спадарыня Богдан сказала, што нічога ня ведае пра канфіскацыю газэты, што выйшла пад шапкай “Предпринимательская газета за Белорусскую деловую газету”. Але гэта не перашкодзіла Міністэрству інфармацыі абвесьціць папярэджаньне. Я папрасіў Лілію Богдан удакладніць прычыну папярэджаньня — за новую назву?

(Богдан: ) “Не, за новую назву не папярэджвалася “Предпринимательская газета”. Папярэджаньне было за зьмену адрасу рэдакцыі й тэматыкі. Гэта два парушэньні ў адным папярэджаньні”.

Спадарыня Богдан паведаміла таксама, што Міністэрства інфармацыі не займаецца праверкай салігорскай газэты “Салідарнасць” — ад гэтага ведамства быў толькі адзін супрацоўнік, а саму праверку ладзіць Камітэт дзяржаўнага кантролю. Чакалася, што вынікі праверкі стануць вядомыя ў сераду, напярэдадні заплянаванага на чацьвер выхаду чарговага нумару “Салідарнасці”, але гэтага не адбылося. Гаворыць галоўны рэдактар штотыднёвіка Аляксандар Старыкевіч:

(Старыкевіч: ) “Акт яшчэ не падпісаны. Меркавалася, што гэта будзе зроблена ўчора ўвечары ў Салігорску. Аднак у апошні момант падпісаньне было перанесенае — выглядае, што ўжо на пятніцу ў Менск. Я думаю, што прычына ў тым, што кіраўніцтва вядомых арганізацыяў не задаволенае вынікамі праверкі. Яны не знайшлі дастатковых падставаў для закрыцьця газэты, і таму зараз вырашаюць, што ўсё ж у дадзенай сытуацыі рабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня, у чацьвер, мусіў выйсьці чарговы нумар газэты “Салідарнасць”, так?”

(Старыкевіч: ) “З фармальных прычынаў нам адмоўлена ў друку. Мы спадзяемся ўсё ж, што гэтыя рэчы будуць пераадоленыя й на наступным тыдні газэта зьявіцца й пяройдзе ў нармальны рэжым існаваньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG