Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁЛЕТНІЯ ПРЭМІІ БАРЫСА КІТА — ПІСЬМЕНЬНІКАМ ВАСІЛЮ БЫКАВУ І ВОЛЬЗЕ ІПАТАВАЙ ДЫ НАВУКОЎЦУ АНДРЭЮ МАЙСЯЁНКУ


Валянціна Аксак, Менск

Гэтая прэмія заснаваная два гады таму арганізацыяй “Беларуска-нямецкія сустрэчы”, якую ачольвае прафэсар бэрлінскага ўнівэрсытэту Яганэс Шлоц. Знакаміты навуковец у галіне касманаўтыкі амэрыканец беларускага паходжаньня Барыс Кіт, які апошнія гады жыве ў Нямеччыне, даў згоду на сваё імя ў гэтай прэміі. Вось што ён сказаў з гэтае нагоды нашаму радыё:

(Кіт: ) “Гэта ня ёсьць прэмія ад Барыса Кіта, а гэта прэмія ад арганізацыі “Беларуска-нямецкія сустрэчы”, можна сказаць, ад усёй Нямеччыны. Гэтая арганізацыя мае галоўную кватэру ў Бэрліне і займаецца найбольш абменам навукоўцаў, адны зь іх прыяжджаюць зь Беларусі ў Нямеччыну, другія — зь Нямеччыны ў Беларусь. А найбольш яна дапамагае студэнтам, беларускім студэнтам. Кожны год сотні беларускіх студэнтаў прыяжджаюць сюды і вучацца ў нямецкіх унівэрсытэтах, і наадварот — нямецкія студэнты едуць у Беларусь”.

Увечары 29 траўня прэміі Барыса Кіта ўручаныя вядомаму навукоўцу, мэдыку-біяхіміку з Горадні, члену-карэспандэнту Нацыянальнае акадэміі навук Андрэю Майсяёнку, які шмат і з посьпехам займаецца яшчэ й краязнаўствам, а таксама пісьменьніцы Вользе Іпатавай. Гэтая падзея для іх ёсьць надзвычайнай адзнакаю працы і таленту на карысьць усталяваньня дэмакратычных прынцыпаў у стасунках беларускага і нямецкага народаў.

(Іпатава: ) “Барыс Кіт — гэта акадэмік, былы дырэктар Наваградзкай беларускай гімназіі, які ўдзельнічаў у распрацоўцы паліва для амэрыканскіх касьмічных караблёў “Апалён”. За вывучэньне праблемаў касманаўтыкі мае высокія міжнародныя ўзнагароды. І ён, можна сказаць, — грамадзянін сусьвету, таму што ён быў грамадзянінам колішняе Рэчы Паспалітае, пасьля ў 44-м годзе ён эміграваў на Захад. Закаханы ў Вільню, але жыве ў Франкфурце-на-Майне, зьяўляецца грамадзянінам Злучаных Штатаў Амэрыкі, але адначасна ёсьць жыхаром Нямеччыны. І ён — ганаровы грамадзянін гораду Наваградку”.

Трэцяму сёлетняму ляўрэату гэтае прэміі, Васілю Быкаву, яна будзе ўручаная пазьней у Празе, дзе цяпер жыве знакаміты беларускі пісьменьнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG