Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗКІ РУХ “ЗА ГОДНАЕ ЖЫЦЬЦЁ!” ПАЧЫНАЕ ЗБОР ПОДПІСАЎ ЗА ЗЬМЯНЕНЬНЕ ВЫБАРЧАГА КОДЭКСУ


Уладзімер Глод, Менск

Намесьнік старшыні аргкамітэту руху “За годнае жыцьцё!” Ўладзімер Колас упэўнены: да таго часу, пакуль ня будзе скарэктаваны асноўны выбарчы закон Беларусі, дэмакратычныя выбары ў краіне немагчымыя:

(Колас: ) “Увогуле ніякіх зьменаў у нашай сытуацыі ня можа адбыцца бязь зьмены тых, хто цяпер знаходзіцца ва ўладзе. А такая зьмена можа адбыцца толькі шляхам сумленных, адкрытых выбараў. На вялікі жаль, такога мэханізму мы зараз ня маем. І вось дзеля таго, каб стварыць такі мэханізм, каб даць магчымасьць удзельнічаць у выбарчых камісіях і ў выбарах прадстаўнікам усяго палітычнага спэктру, усіх прагрэсіўных, дэмакратычных сілаў, мы й распачынаем гэтыя дзеяньні”.

Кіраўніцтва руху “За годнае жыцьцё!” заклікае ствараць ініцыятыўныя групы, якія зоймуцца зборам подпісаў. У кожнай вобласьці і ў некаторых буйных гарадох ужо вызначаныя каардынатары гэтай справы. Да таго ж, грамадзянаў Беларусі заклікаюць зьбіраць подпісы і пад наказам дэпутатам Палаты прадстаўнікоў з патрабаваньнем да іх — падтрымаць ініцыятыву дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў зьмяненьні Выбарчага кодэксу.

Праект такога закону ўжо падрыхтаваны групаю “Рэспубліка” і будзе перададзены на разгляд Нацыянальнага сходу. Але як лічыць Валеры Фралоў, гэтага мала.

(Фралоў: ) “Ісьці да трыбуны і несьці з сабою, на вазку каціць каля трохсот тысяч, пяцісот тысяч подпісаў. І сказаць: паважаныя калегі, гэта ня толькі нашая думка, гэта і думка вашых выбарцаў”.

Згодна з Канстытуцыяй для таго, каб Палата прадстаўнікоў пачала разгляд ініцыятывы грамадзянаў, неабходна сабраць як мінімум 50 тысяч подпісаў. Але гэтага недастаткова, лічыць старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

(Ярмошына: ) “У нас адсутнічае заканадаўства з гэтай нагоды. У нас існуе толькі канстытуцыйная норма магчымасьцяў рэалізацыі заканадаўчай ініцыятывы грамадзянамі такім шляхам. Але самога закону няма. Таму я думаю, што зьвярнуцца да грамадзянаў яны могуць, але яны адразу патрапяць у тупік, таму што не ўсталявана ніякімі правіламі — якім чынам рэгіструецца гэтая ініцыятыўная група, як яна зьбірае подпісы, хто іх спраўджвае і гэтак далей. Таму назваць падобную рэалізацыю заканадаўчай ініцыятывай нельга. Гэта будзе толькі калектыўны зварот грамадзянаў. Ён ня будзе мець аніякіх праўных наступстваў”.

Спадарыня Ярмошына ахарактарызавала дзеяньні Валерыя Фралова як папулісцкія. Яна дадала, што ў дадзенай сытуацыі ніхто не перашкаджае спадару Фралову як дэпутату Палаты прадстаўнікоў асабіста выступіць з ініцыятывай унясеньня зьмяненьняў у выбарчае заканадаўства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG