Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА ШТО ЛЮДЗІ ХАЦЕЛІ Б СПЫТАЦЦА Ў АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ?


Ганна Соусь, Менск

У той час, калі Аляксандар Лукашэнка ў авальнай залі Дому ўраду зьвяртаўся да парлямэнту і беларускага народу з традыцыйным пасланьнем, я запыталася ў мінакоў на менскіх вуліцах: з чым яны хацелі б зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі? Зь якімі пытаньнямі, прапановамі ці просьбамі?

(Спадарыня: ) “Больш свабоды хацела бы, больш дэмакратыі, каб у людзей была магчымасьць разьвіваць дробны бізнэс”.

(Спадар: ) “На мой погляд, трэба даць людзям магчымасьць жыць і нармальна працаваць. Гэта першае і галоўнае. Тады мы будзем жыць, як нармальныя людзі”.

(Спадарыня: ) “Трэба перабудаваць нашую эканоміку. Я лічу, што трэба разьвіваць сваю краіну, тады будзем і незалежнымі й сувэрэннымі”.

(Спадар: ) “Не хачу зьвяртацца, таму што гэта марна”.

(Дзяўчына: ) “Я б зьвярнулася да нашага прэзыдэнта, бо мне ня вельмі падабаецца 10-бальная сыстэма выстаўленьня адзнакаў. Зь ёй стала вельмі складана вучыцца”.

(Другая дзяўчына: ) “Цяжка працаваць ня толькі навучэнцам, але й настаўнікам”.

(Спадар: ) “Шмат пытаньняў ёсьць да яго, шмат што хвалюе. Я ўжо чалавек стары. Ня ведаю, як цяпер жыць”.

(Другі спадар: ) “Падняць эканоміку ды менш лезьці ў космас”.

(Спадарыня: ) “Каб палепшылася мэдычнае абслугоўваньне ў сельскай мясцовасьці. Я жыву ў Слабадзе Смалявіцкага раёну. Мне лягчэй даехаць да Менску, але тут мяне ў паліклініцы ня прымуць, а да Смалявічаў ад нас аўтобусы ня ходзяць”.

(Спадар: ) “Любому кіраўніку я пажадаў бы аднаго — каб не перашкаджаў працаваць і жыць”.

(Спадарыня: ) “Каб была стабільнасьць. Каб лічыліся зь людзьмі, а ня толькі давалі абяцаньні”.

(Другая спадарыня: ) “Каб усё, што ён гаворыць, ажыцьцяўлялася. А то размоваў шмат, а справы мала”.

(Спадар: ) “Трэба, каб студэнтам павысілі стыпэндыю”.

(Другі спадар: ) “Я бы хацеў, каб пэнсію дабавілі. А то за 100 тысяч трэба й кватэру аплаціць, астатняе застаецца на пражыцьцё. Вось і жыві, як хочаш”.

(Трэці спадар: ) “Якія пытаньні ні задавай, усё роўна адказу не атрымаеш”.

(Чацьверты спадар: ) “Студэнтам ужо чацьверты месяц ня плацяць “чарнобыльскія”. Да таго ж уздымаць беларускую навуку трэба”.

(Пяты спадар: ) “Трэба, каб ён скончыў “хімічыць” са сваім выбарам і са сваім будаўніцтвам сацыялізму па-расейску, каб ён пачаў хутчэй рэформы. А гэта сорам, які ён распаўсюдзіў у Беларусі. І гэтыя ягоныя спробы наладзіць дыктатуру…”

(Шосты спадар: ) “Няхай ён жыве ды шчасьце мае”.

(Спадарыня: ) “Стаміліся спраўляцца ў яго, бо ён так абрыд, так надакучыў… Хай ён хутчэй замаўчыць”.

Гэткім чынам хацелі б зьвярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі шараговыя беларускія грамадзяне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG