Увагу да праблемаў аховы здароўя ўдзельнікі акцыі спрабавалі прыцягнуць рознымі спосабамі: мэдыкаў яны віншавалі з днём здароўя, наведнікам шпіталяў раздавалі ўлёткі аб правах пацыента, а таксама мэдыкамэнты, бінты, садавіну і гародніну.
У большасьці выпадкаў імпрэзы адбываліся з дазволу мясцовых уладаў, аднак часта й небесьперашкодна. Да прыкладу, у Віцебску забаранілі пасадзіць садовую алею, а ў Воршы — правесьці акцыю “Заменім алькаголь на прадукты харчаваньня”. У Барысаве за арганізацыю сходу кіраўніку арганізацыі “Скрыжаваньне” Сяржуку Салашу ўвогуле пагражае турэмнае зьняволеньне, — кажа прэсавы сакратар Асамблеі Алена Андрэева.
(Андрэева: ) “Плянавалася, што на гэтую сустрэчу прыйдуць прадстаўнікі выканкаму і дэпутаты гарсавету, каб абмеркаваць праблему існаваньня амбуляторыі. Зьявілася больш за 150 мясцовых жыхароў, але ніхто не прыйшоў з уладаў, і цяпер Сяржука Салаша вінавацяць за арганізацыю несанкцыянаванага пікету. Яго арыштавалі, склалі пратакол, і цяпер яму пагражае зьняволеньне на 15 сутак. Недзяржаўныя арганізацыі пачалі будаваць у вачах грамадзкасьці пазытыўны імідж, таму ўлады крыху баяцца”.
Паводле яе, удзел у акцыі “Зробім лепш” узялі 92 грамадзкія арганізацыі ў 25 гарадах Беларусі і нават у адной вёсцы Клецкага раёну. А найбольш масава — у пасёлку Мачулішчы Менскага раёну, дзе арганізатарам выступіла новаабраная дэпутатка мясцовага савету Сьвятлана Андруховіч. Паводле яе, менавіта прыналежнасьць да дэпутацкага корпусу паспрыяла правядзеньню акцыяў, бо ўлады на месцах асьцерагаюцца супрацоўнічаць зь недзяржаўным сэктарам.
(Андруховіч: ) “У дзяржавы ёсьць праграмы аздараўленьня, але яны не выконваюцца. Гэта могуць дапоўніць грамадзкія арганізацыі. І пра гэта трэба распавядаць як найчасьцей, каб да недзяржаўных структураў павярнуліся тварам. Але трэба шмат намаганьняў, бо складана прабіць гэтую сьцяну неразуменьня”.
Акцыю “Зробім лепш” завершыць круглы стол, які адбудзецца ў Мачулішчах 8 красавіка. Плянуецца, што акрамя сяброў грамадзкіх арганізацыяў удзел у сустрэчы возьмуць таксама прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных ведамстваў.