Таму сёньня а 17-й гадзіне, нягледзячы на моцны дождж са сьнегам, шэраг прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў маладзёвага руху “Зубр” без усялякага дазволу ўладаў сабраліся на пляцы Паўстаньня. Тут ужо было шмат міліцыі, таму ўдзельнікі акцыі напачатку ніякіх плякатаў не разгортвалі. Яны стаялі моўчкі альбо размаўлялі ля пастамэнту, на якім стаіць танк Т-34 часоў вайны.
Пытаюся ва ўдзельнікаў акцыі, што прывяло іх у непагадзь на пляц Паўстаньня. Распавядае 5-курсьнік унівэрсытэту, які назваўся Вячаславам.
(Вячаслаў: ) “Я буду выкладчыкам нямецкай і ангельскай моваў. Той заробак, які мне прапануюць – 70 тысячаў беларускіх рублёў, хопіць, відаць толькі на аплату кватэры, бо мая маці плаціць 60 тысячаў за кватэру і камунальныя паслугі”.
У 18 гадзінаў моладзь разгарнула плякат: “Так жыць нельга!” Падбеглі міліцыянты і разарвалі гэты плякат.
“Зубры” раздавалі ўлёткі “Ён павінен сысьці”.
Міліцэйскі апэратар здымаў усіх удзельнікаў акцыі на відэастужку.