Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРЭДНІ КОНКУРС НА ДЭПУТАЦКІ МАНДАТ САВЕТАЎ МАГІЛЁЎШЧЫНЫ — 1,1 ПАТЭНЦЫЙНЫХ КАНДЫДАТА


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Сёньня стала вядомая некаторая афіцыйная інфармацыя аб патэнцыйных кандыдатах у дэпутаты мясцовых саветаў Магілёўскай вобласьці. У выбарчыя камісіі вобласьці падалі дакумэнты на рэгістрацыю амаль 3600 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, а 2 сакавіка трэба абраць толькі на 300 чалавек меней.

На 60 месцаў у Магілёўскім абласным савеце прэтэндуе пакуль 130 чалавек, і 38 зь іх — вылучэнцы розных палітычных партыяў, а менавіта Лібэрал-дэмакратычнай, Партыі камуністаў і Аб’яднанай грамадзянскай. На месцы ў саветах іншых узроўняў прэтэндуюць таксама сябры партыі жанчын “Надзея”.

Гэтая статыстыка абласной выбарчай камісіі ўлічвае толькі партыйныя сьпісы, аднак сярод іншых патэнцыйных кандыдатаў ёсьць партыйцы, якія вылучыліся шляхам збору подпісаў.

Напрыклад, рэгіянальная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” вылучыла ў абласны савет 6 чалавек — з Магілёва, Шклова, Клічава і Бабруйску. Усе — шляхам збору подпісаў. Сацыял-дэмакраты палічылі, што кожны кандыдат у дэпутаты абласнога савету абавязкова павінен мець моцную каманду, каб вытрымаць выбарчую гонку, і пачынаць яе фармаваньне лепш са збору подпісаў ініцыятыўнай групай.

У часе збору інфармацыі аб вылучэнцах кандыдатамі ў дэпутаты палітычнымі партыямі выявіліся пэўныя праблемы ў глыбінцы, аддаленых сельскіх раёнах — як, да прыкладу, у Хоцімскім, што на мяжы з Расеяй. Меркавалася, што там падасьць дакумэнты толькі адзін прадстаўнік дэмакратычнай апазыцыі, сябра Партыі БНФ “Адраджэньне”, які сабраў подпісы.

Аднак у апошні момант ён адмовіўся ад барацьбы за дэпутацкі мандат. Паводле словаў гэтага чалавека, у кулюарах раённай улады яму далі зразумець, што ўсё разьмеркаванае, дэпутацкія мандаты апазыцыянэрам не прадугледжаныя, а таму няма сэнсу браць удзел у безнадзейнай справе. Дэмакрат вырашыў не марнаваць свае час і грошы, а таму на Хоцімшчыне няма ніводнага патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты ад дэмакратычнай апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG