Пра вяртаньне ў Менск Пятра Краўчанкі Свабодзе паведаміла ягоная дачка Натальля. Паводле яе, спадар Краўчанка на здароўе і настрой ня скардзіцца і ўжо займаецца сваімі справамі ў Менску. Сёньня ён двойчы наведваў Міністэрства замежных справаў. Гэта неафіцыйна пацьвердзілі і ў самім замежнапалітычным ведамстве.
Вось як пракамэнтаваў пытаньне далейшага працаўладкаваньня Пятра Краўчанкі намесьнік начальніка інфармацыйнай управы МЗС Беларусі Андрэй Савіных:
(Савіных: ) “Гэта пытаньне ўжо чыста тэхнічнае, я ня думаю, што яно мае нейкае грамадзкае значэньне, таму мы камэнтаваць гэта ня будзем”.
Зьвязацца са спадаром Краўчанкам асабіста пакуль не ўдаецца.
Пятра Краўчанку раней абвінавачвалі, што ён нібыта прасіў палітычнага прытулку ў амбасадзе ЗША ў Токіё, што ён адмаўляўся вяртацца ў Беларусь і аддаваць маёмасьць беларускай амбасады ў Японіі. Цяпер гэтыя прэтэнзіі зьнятыя, і ўсе пытаньні ўрэгуляваныя, — паведамілі ў МЗС. Сам спадар Краўчанка называў такія абвінавачаньні “правакацыяй” і не выключаў свайго ўдзелу ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах ды ў дзейнасьці па стварэньні “новай апазыцыі” ў Беларусі.
Былы амбасадар Беларусі ў Польшчы Георгі Таразевіч лічыць спадара Краўчанку чалавекам непрадказальным і мяркуе, што, магчыма, ён сам арганізаваў скандал вакол сваёй асобы. Гаворыць Георгі Таразевіч:
(Таразевіч: ) “Ня думаю, што хтосьці сур’ёзна думае пра тое, што ён пойдзе на прэзыдэнта, і што яго падтрымаюць тут і эліта, і людзі, і апазыцыя… Я ня думаю, што гэта сур’ёзная размова. Ён сам закінуў такую “качку”. І гэтая “качка” блукае па газэтах”.
Георгі Таразевіч мяркуе, што асаблівых пэрспэктываў у спадара Краўчанкі ні ў Беларусі, ні за мяжой няма, паколькі ў яго няма патрэбнай падтрымкі, у тым ліку ад былых калегаў. Георгі Таразевіч працаваў разам зь Пятром Краўчанкам і ў менскім гаркаме КПБ, і ў МЗС Беларусі.
А вось былы міністар замежнаэканамічных сувязяў і амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч наконт магчымасьці для Пятра Краўчанкі стварыць новую апазыцыю і паспрабаваць удзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах мяркуе іначай:
(Марыніч: ) “Я думаю, што патэнцыял Пятра Кузьміча і ягоныя амбіцыі заўсёды дазвалялі яму вырашаць рознага кшталту пытаньні. А як гэта складзецца, гэта толькі яму самому і Богу вядома, таму што ў нашых умовах гэта ўсё складана рэалізаваць, няма вольнага доступу да СМІ, і ўсё будзе залежаць выключна ад таго, наколькі сур’ёзна ён вырашыў заняцца палітычнай дзейнасьцю”.
Пакуль спадар Марыніч ня пэўны, ці сапраўды Пятро Краўчанка хоча вярнуцца ў вялікую палітыку.