У сувязi з пачаткам падключэньня да прыроднага газу жылых дамоў у Лунiнцы i Столiне плянавалася, што 6 лiстапада берасьцейскае Палесьсе асабiста наведае Аляксандар Лукашэнка. Пра тое, як рыхтавалiся да гэтай падзеi мясцовыя ўлады, распавядае жыхарка Лунiнца:
(Спадарыня: ) “Усё адклалi. Учора з ранiцы паразьвешвалi лёзунгi кшталту “Дзякуй прэзыдэнту”, “Газ — цяпло для нас” i гэтак далей. Але ўжо пасьля абеду гэтыя лёзунгi з матамі і паздымалi”.
Пра сапраўдныя прычыны адмены ўрачыстасьцяў прадстаўнiкi мясцовай вэртыкалi не паведамляюць, але гавораць, што гэта не паўплывае на падключэньне прыроднага газу да жылых дамоў у двух раённых цэнтрах Берасьцейшчыны. На сёньняшнi дзень у Лунiнцы падключана каля трох тысяч кватэраў, у Столiне — 1600.
Генэральны дырэктар прадпрыемства “Брэстаблгаз” Яўген Шалонiк цьвердзiць, што рашэньне расейскага “Газпраму” абмежаваць пастаўкi прыроднага газу на Беларусь не адаб’ецца на кватэрах людзей, якiя падключаныя да новага газапроваду.
(Шалонiк: ) “Як атрымлiвалi, так i будуць атрымлiваць. Лунiнец i Столiн ужо атрымлiваюць прыродны газ. Мы перавялi частку шматпавярховых дамоў у гэтых гарадах”.
(Карэспандэнт: ) “А як адаб’ецца гэта на кошце газу?”
(Шалонiк: ) “Яны будуць плацiць менш”.
Тым часам у самiм Лунiнцы чыноўнiкi распавядаюць пра тое, што плата за карыстаньне газам для насельнiцтва застанецца на ранейшым узроўнi.
Пакуль ня бачаць карысьцi ад пераходу на iншы вiд палiва i на прадпрыемствах гораду. Паколькi зрабiць гэта патрабуецца ўласным коштам, а грошай на такiя мэты няма, на большасьцi прадпрыемстваў па-ранейшаму зьбiраюцца выкарыстоўваць толькi мазут.