Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЭДЭРАЦЫЯ ПРАФСАЮЗАЎ БУДЗЕ ПРАТЭСТАВАЦЬ 28 САКАВІКА


Міхал Стэльмак, Менск

Меркаваная прафсаюзная акцыя пратэсту выклікала вострыя спрэчкі сяброў прэзыдыюму Фэдэрацыі. Частка ўдзельнікаў паседжаньня адмоўна ставіцца да пратэсту супраць пагаршэньня сацыяльна-эканамічнага стану працоўных і забароны безнаяўнага пералічэньня прафсаюзных складак. Яны мяркуюць, што працоўныя калектывы зараз не гатовыя да актыўных дзеяньняў.

Паводле меркаваньняў другой часткі сяброў прэзыдыюму, адкладаць пратэст няма як, бо гэта нэгатыўна адаб’ецца на рэпутацыі Фэдэрацыі ў прафсаюзным асяродку.

Як вынік, большасьць прагаласавала за правядзеньне 28 сакавіка агульнабеларускай акцыі, якую назвалі Адзіны дзень прафсаюзных дзеяньняў. Вось як пракамэнтаваў гэтае рашэнне старшыня Фэдэрацыі Франц Вітко:

(Вітко: ) “Мяркуецца, што ў гэты дзень па ўсёй рэспубліцы будуць дзесьці пікеты, дзесьці сходы, дзесьці мітынгі. І такім чынам будзе адзначаны гэты Дзень адзіных дзеяньняў. Ці будуць актыўныя першасныя арганізацыі? Гэта залежыць ад людзей, якія ў іх ёсьць. Цяпер розная сытуацыя на розных прадпрыемствах. Гэты дзень высьвеціць баявітасьць прафсаюзаў ды іхны настрой на працу”.

(Карэспандэнт: ) “На сёньняшнім паседжаньні прэзыдыюму прагучала інфармацыя пра новыя наступ уладаў на правы прафсаюзаў. Я маю на ўвазе інфармацыю пра ідэю стварэньня гарызантальных прафсаюзных арганізацыяў, якія б былі падпарадкаваныя выканаўчым камітэтам”.

(Вітко: ) “Мне здаецца, што можна зрабіць такую выснову, калі прааналізаваць дзейнасьць дзяржаўных структураў. Перашкаджаюць прадстаўнікам галіновых прафсаюзаў мець доступ да работнікаў прадпрыемстваў. Сёньня на Менскім аўтамабільным заводзе вядзецца праца па стварэньні падпарадкаванага генэральнаму дырэктару прафсаюзу. Ствараецца ініцыятыўная група”.

Вестку пра стварэньне “дырэктарскага” прафсаюзу на МАЗе многія лідэры прафсаюзаў разглядаюць як знакавую. На іхную думку, гэтак улады разьлічваюць цяперашнія прафсаюзныя працэсы ўзяць пад кантроль. Гаворыць лідэр галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Я сустракаўся з генэральным дырэктарам. Сапраўды, ён пастанавіў стварыць свой прафсаюз. Ён адмаўляе, што гэтая ініцыятыва ідзе “зьверху”. Дырэктар заявіў, што гэтак ён спрабуе ўратаваць прафсаюзную арганізацыю на заводзе. Але я лічу, што тут дзейнічае агульная сыстэма задушэньня незалежнасьці прафсаюзаў. Наймальнік стварае кішэнны прафсаюз.

Я сказаў дырэктару МАЗу, што шкадую пра ягоныя дзеяньні. Там пытаньне ствіцца так: альбо ты сябар прафсаюзу МАЗу, альбо ты не працуеш на заводзе. Але я скажу, што многія кіраўнікі, якім было кепска, зьвярталіся да прафсаюзаў. І я б хацеў іх папярэдзіць: няхай не плююць у той калодзеж, адкуль давядзецца часам піць ваду”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG