Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫКА ЎЛАДАЎ У СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ І НАСТРОЙ ВЯСКОВАГА ЭЛЕКТАРАТУ


Віталь Тарас, Прага

(Тарас: ) “Мы паведамлялі ў нашых перадачах аб тым, як мясцовыя ўлады альбо кіраўнікі калгасаў спрабуюць ўсімі праўдамі і няпраўдамі ня даць калгасьнікам – найперш, мэханізатарам звальняцца з працы? Тое, што гэта незаконна і нават нагадвае ў чымсьці прыгоннае права – гэта відавочна. Але з чым зьвязаныя такія захады – з тым, што ў часе пасяўной проста не хапае рабочых рук. Ці гэта звычайнае самаўпраўства начальства, традыцыйнае для калгаснай сыстэмы?”

(Ярашук: ) “Па-першае, я хачу зазначыць, што гэта, усё-ткі, пакуль яшчэ не сыстэма. Асобныя выпадкі ёсьць, але гаварыць аб тым, што гэта мае масавы характар, я б не хацеў. Але, скажам так, раз, другі ў розных месцах – дык зь цягам часу гэта на самой справе можа пераўтварыцца ў сыстэму. Чым гэта выклікана?

Напэўна, трэба гаварыць, што такім чынам канкрэтныя кіраўнікі гаспадарак і раёнаў на самой справе хочуць вырашыць праблему рабочых рук. Таму што ў некаторых рэгіёнах, можна сёньня казаць, рабочай сілы недастакова. І трэба мець на ўвазе, што адтоку людзей з калгасаў спрыяе, перш за ўсё, нізкі заробак, і яны хочуць пайсьці працаваць у іншыя мейсцы, дзе плоцяць больш.

І калі характарызаваць гэтую зьяву наогул, дык канечне яна не вытрымлівае ніякай крытыкі: я маю на ўвазе гэтыя забарончыя мэтады. Правам тут ніякім і не пахне, а больш ужо нагадвае, сапраўды, прыгон. І тут прынамсі два пытаньні. Першае – прававое ці палітычнае, таму што калі дзяржава прэтэндуе на ролю прававой, яна ня мае права забараняць ісьці на працу туды, куды хочаш. І другая акалічнасьць – эканамічная.

Спрабаваць вырашыць праблему кадраў вось такім мэтадам, адміністрацыйным, камандным, дзеля таго, каб мацаваць эканоміку канкрэтнай гаспадаркі – гэта проста глупства. Я інакш не магу сказаць. Таму што як правіла размова ідзе аб лепшым работніку, затрымліваюць лепшага, не даюць яму права вызваліцца.

Канечне, калі яму забараняць пайсьці туды, куды ён хоча, дык гэта не азначае, што ён на старым месцы ў калгасе будзе пасьля гэтага працаваць надта прадуктыўна. Я лічу, што гэта проста тупіковы шлях і з пункту гледжаньня эканамічнага жыцьця. Я падазраю, што тыя кіраўнікі, якія прымаюць гэтыя рашэньні, маюць на ўвазе і гэты пункт гледжаньня”.

(Тарас:) “Спадар Лугін! Ці згодныя Вы з тым, што тыя факты, пра якія мы гаварылі, пакуль ня маюць яшчэ сыстэмнага характару?”

(Лугін: ) “У цэлым можна згадзіцца з Аляксандрам Ярашуком. На самой справе, масавага характару яны ня маюць. Яны больш распаўсюджаныя ў калгасах, якія разьмешчаныя бліжэй да гарадоў, дзе лягчэй уладкавацца на працу. І гэтыя зьявы даўно ўжо маюць месца. Напрыклад, я дакладна ведаю, што ў Полацкім раёне яшчэ гады два таму таксама прымалі такую пастанову.

Але я лічу, што няма сэнсу рабіць з гэтага трагедыі, таму што ў цэлым сыстэма сельскай гаспадаркі – гэта ў поўным сэнсе гэтага слова “прыгоннае права.” І тое, што сялянаў не адпускаюць, і тое, як яны там працуюць, і тое, як ім плоцяць заробкі – усё гэта сыстэма рабства. А тое, што цяпер некаторыя старшыні райвыканкамаў прымаюць такія рашэньні – я хацеў бы заўважыць, што, па-першае, ужо няма такіх мэханізатараў у калгасах, якіх можна было прымаць кудысьці на працу. Там засталіся адны п’яніцы, і іх ужо ніхто нідзе ня возьме на працу.

А па-другое, тое, што старшыні райвыканкамаў прымаюць такія пастановы, сьведчыць, што яны проста хочуць падстрахавацца, як бы паказаць вышэйстаячай уладзе, што яны прымаюць усе меры, каб падрыхтавацца да пасяўной кампаніі. Правесьці яе арганізавана. Гэта такая мера, якая нічога ня дасьць, але каб у сьпісе мерапрымстваў можна было паставіць птушку: маўляў яны не спалі ў шапку, а нешта рабілі”.


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG