Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП: НА ЗБОР ПОДПІСАЎ ТРЭБА ІСЬЦІ АДНОЙ КАЛЁНАЙ


Альгерд Невяроўскі, Менск

З 1 сакавіка Аб’яднаная грамадзянская партыя цягам месяца будзе старшыняваць у Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сілаў. З гэтай нагоды прадстаўнікі АГП вырашылі прапанаваць сваім калегам па КРДС выканаць чатыры прыярытэтныя задачы на бліжэйшы пэрыяд.

Як паведаміў у часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі лідэр АГП Анатоль Лябедзька, першая задача — гэта выпрацоўка адзінага сцэнару падрыхтоўкі і ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі.

Паводле сп.Лябедзькі, пытаньне вылучэньня адзінага кандыдата вырашаецца складана. Пастаянныя кансультацыі вядуцца з усімі патэнцыйнымі кандыдатамі. Прычым, ня толькі зь Сямёнам Домашам, Уладзімерам Ганчарыкам і Міхаілам Чыгіром, але і з Паўлам Казлоўскім, які на мінулым тыдні афіцыйна аб’явіў пра свой удзел у выбарах.

Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Патрэбны адзіны сцэнар. Якія сёньня разыходжаньні? Усе патэнцыйныя кандыдаты згодныя, што трэба ісьці адной камандай. Мы прапануем зафіксаваць гэты падыход на паперы й зрабіць яго публічным. Думаю, што гэта вельмі важна, істотна й гэта будзе крок наперад.

Мы вырашым пытаньне адзінага кандыдата толькі тады, калі адкажам: на збор подпісаў мы мусім ісьці трыма асобнымі калёнамі ці адзінай? Аб'яднаная грамадзянская партыя лічыць, што да таго, як пачнуць зьбіраць подпісы, мусім мець адзінага кандыдата".

Лідэр АГП таксама лічыць, што на вылучэньне адзінага кандыдата апазыцыя мае яшчэ месяц ці два. Анатоль Лябедзька й ягоны намесьнік па партыі Аляксандар Дабравольскі перакананыя, што адзіную кандыдатуру трэба вылучаць праз кансультацыі, і толькі потым (калі будзе патрэба) зацьвярджаць яе на Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

Прадстаўнікі АГП прапануюць іншым сябрам Каардынацыйнай рады весьці інтэнсыўныя кансультацыі з тымі палітычнымі групамі, што не ўваходзяць у склад КРДС.

АГП таксама прапануе сваім партнэрам неадкладна стварыць адзіны штаб назіраньня за выбарамі, рыхтаваць зборшчыкаў подпісаў ды іншых актывістаў выбарчай кампаніі, наладзіць супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў у справе інфармацыйнага забесьпячэньня й гэтак далей.

Лідэры Грамадзянскай партыі прапануюць сябрам Рады шчыльна супрацоўнічаць зь Вярхоўным Саветам, асабліва ў справе арганізацыі пастаяннага круглага стала “Прэзыдэнцкія выбары 2001”.

Спадары Лябедзька й Дабравольскі лічаць, што сябры КРДС падтрымаюць іхныя прапановы.

Гаворыць Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) "Гэта не вынаходніцтва Аб'яднанай партыі, усе гэтыя пытаньні КРДС ставіла сабе за задачы. Мы лічым, што наш абавязак працаваць так, каб гэтыя задачы хутчэй вырашаліся".

Лідэры АГП таксама паведамілі, што вясной аб’яднаная апазыцыя правядзе дзьве буйныя вулічныя акцыі — 25 сакавіка й 26 красавіка, а актывісты Грамадзянскай партыі зарганізуюць шэраг мерапрыемстваў з нагоды другой гадавіны зьнікненьня Юр'я Захаранкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG