Сёньня а чацьвертай гадзіне апоўдні закончыўся трохдзённы тэрмін, цягам якога паводле закону затрыманым трэба прад'явіць абвінавачаньне ці адпусьціць іх на волю. Праўда, закон дазваляе працягнуць тэрмін затрыманьня да 10 дзён.
Да Аляксандра Чыгіра й ягонага сябра-прадпрымальніка Сяргея Каляды скарысталі абодва варыянты.
Рашэньне прыняў пракурор Маскоўскага раёну Віктар Жынгель — той самы, які летась падтрымліваў абвінавачаньне экс-прэм'еру Міхаілу Чыгіру і патрабаваў даць яму 6 гадоў турмы. Нарада ішла больш за тры гадзіны. У выніку сьледчым удалося пераканаць спадара Жынгеля, і ён вырашыў працягнуць утрыманьне Чыгіра-малодшага й Сяргея Каляды да 20 лютага.
Ім далі папярэдняе абвінавачаньне па артыкуле 205, частцы 4 Крымінальнага кодэксу. Гэта абвінавачаньне ў крадзяжы маёмасьці (але не ў асабліва буйных памерах, як чакалі).
Адвакат Аляксандар Пыльчанка, які абараняе Чыгіра-малодшага, настойвае, што справа штучная і дамагаецца вызваленьня свайго падабароннага. Ён кажа, што Аляксандар Чыгір вінаватым сябе не прызнае, як і ягоныя сябры.
Працэсуальны лёс трэцяга затрыманага, Васіля Быкава, пакуль ня вызначаны. Пытаньне будуць разглядаць заўтра ў першай палове дня. Гэтую затрымку адвакатка Быкава Зоя Тарасюк назвала "грубым працэсуальным парушэньнем".
Дарэчы, адвакатка Тарасюк заявіла журналістам, што ейны падабаронны Васіль Быкаў не зьяўляецца сваяком пісьменьніка Васіля Быкава: "Я прашу не ўцягваць майго падабароннага ў палітыку, гэта толькі ўскладняе ягоны стан".
Адвакат Аляксандар Пыльчанка заўважыў, што гэткае нязначнае (мяркуючы па абвінавачаньні) расьсьледаваньне вядзе цэлая група сьледчых, а курыруе яго начальства са Сьледчага камітэту МУС.
І сапраўды, пакуль ішла нарада, Маскоўскі РАУС наведалі кіраўнік Сьледчага камітэту спадар Глухоўскі й ягоны намесьнік спадар Кужаль. Аляксандар Кужаль пагадзіўся адказаць на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода. Ён заявіў, што падставаў для арышту сына экс-прэм'ера дастаткова.
Міхаілу Чыгіру, які сёньня палову дня правёў ля дзьвярэй Маскоўскага РАУСу, удалося пабачыць сына. Але здалёк, таму Чыгір-старэйшы ня здолеў адказаць на пытаньне, ці бачыў ён на твары сына сьляды пабояў. (Напярэдадні зьявілася інфармацыя, быццам Чыгіра-малодшага ў міліцыі жорстка зьбілі, але пацьвердзіць гэтыя зьвесткі пакуль не ўдаецца.)
Тымчасам Юлія Чыгір дала тлумачэньні наконт інфармацыі пра вялікую колькасьць машын, зарэгістраваных на Чыгіроў, і найперш на Аляксандра Чыгіра. Пра гэта распавяло Беларускае тэлебачаньне. Маці тлумачыць усё прафэсійнай дзейнасьцю сына.
(Ю.Чыгір: ) "У Міхаіла Мікалаевіча машына з 1997 году, астатнія 9 машын запісаныя на сыноў. Акрамя таго, 8 машын прайшло праз нашу сям'ю, сьпісаныя. Наш сын купляе пабітыя машыны, якія не падлягаюць рамонту, разьбірае іх і прадае. Толькі ён даўней ня ведаў, што разабраную машыну ня здымеш з уліку, пакуль не пакажаш.
На сёньняшні дзень за ім лічацца 8 ці 7 машын — мы нават самі ня ведаем колькі, яны несьпісаныя. Таму што даішнікі кажуць: прыгані сюды, пакажы нам машыну, тады мы сьпішам. А як жа яе можа прыгнаць, калі яе ўжо ў прыродзе няма, яна разбраная?!
Гэта якраз пацьвярджае, тое, што я кажу: купляў і разьбіраў. Купляў машыны за 200–300 даляраў, такія машыны, што ня езьдзяць", — паведаміла маці затрыманага Аляксандра Чыгіра Юлія.
Між тым, гісторыя абрастае новымі нечаканымі падрабязнасьцямі.
Увечары агенцтва Інтэрфакс, спасылаючыся на праваахоўчыя органы, паведаміла, што ў гаражы, дзе Аляксандар Чыгір трымаў запчасткі, знайшлі рэшткі мікрааўтобуса "Форд", які належаў праграме Беларускага тэлебачаньня "Зона Х" і быў нядаўна скрадзены.
Цікава, што сьледчыя па справе Чыгіра-малодшага ніякіх падрабязнасьцяў па справе журналістам дагэтуль не паведамлялі. Ва ўсякім разе гэтак адказвалі сьледчыя на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода.