Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖКАМДРУК ЛІКВІДУЕ "ПЕРШАЦЬВЕТ"


Юрась Барысевіч, Менск


Дзяржаўны камітэт у справах моладзі пастанавіў спыніць выданьне часопісу творчае моладзі “Першацвет”. Улады не ўпадабалі, што ў год прэзыдэнцкіх выбараў часопіс захоўвае цалкам апалітычную пазыцыю і дазваляе сабе друкаваць экспэрымэнтальныя творы маладых літаратараў і мастакоў, асьвятляе жыцьцё альтэрнатыўных суполак. Ужо ўвесну на базе “Першацвету” пачне выходзіць часопіс пад назваю “СТО”, прысьвечаны прапагандзе лукашызму для новага пакаленьня выбаршчыкаў. Рэдактаркай прызначылі паэтку, былую карэспандэнтку газэты “Знамя юности” Вольгу Акуліч. Бальшыня супрацоўнікаў вырашыла звольніцца і шукаць фундатараў для адраджэньня “Першацвету”.

Рэктарат БДУ абвесьціў вынікі конкурсу праектаў помніка Кірыле Тураўскаму, што мае ўпрыгожыць унівэрсытэцкі двор. Лепшым сярод пяці праектаў журы прызнала твор маладога скульптара Аляксандра Прохарава, але ўсё ж пастанавіла працягнуць конкурс яшчэ на чатыры месяцы.

На праспэкце Машэрава, 51 адчынілася новая мастацкая галерэя “P.S.” (“Postsсriptum”). Заснавальнік галерэі — грамадзкае аб’яднаньне Беларуская асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. Апроч выставаў, галерэя мяркуе ладзіць канцэрты джазавай музыкі, выступы літаратараў, нарады кнігавыдаўцоў. Першымі ў “Postscriptum”е выставілі свае творы мастачка Зоя Луцэвіч і скульптар Канстанцін Селіханаў.

На запрашэньне Саюзу пісьменьнікаў Літвы Вільню наведала дэлегацыя беларускіх пісьменьнікаў. Вольга Іпатава, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законьнікаў і Валянціна Коўтун выступілі перад віленскімі беларусамі ў сярэдняй школе імя Францішка Скарыны, узялі ўдзел у адкрыцьці Віленскага кніжнага кірмашу, абмеркавалі супольныя праекты зь літоўскімі літаратарамі. Рыхтуюцца да выданьня нумары часопісаў “Полымя” і “Metai”, дзе будуць надрукаваныя ўзаемныя пераклады.

Аргкамітэт міжнароднага фэстывалю духоўнае музыкі “Магутны Божа” пачаў прымаць заяўкі на ўдзел у чарговым аглядзе. Паспытаць свой талент у маючым адбыцца ўжо ў дзявяты раз конкурсе можа любы сьпявак незалежна ад канфэсійнай прыналежнасьці. Запрашаюцца прафэсійныя, аматарскія і парафіяльныя хоры, дзіцячыя і моладзевыя гурты, інструмэнтальныя і вакальныя ансамблі, а таксама асобныя выканаўцы. Заяўкі на ўдзел у фэстывалі прымаюцца да 30 красавіка, а сам ён пройдзе ў Магілёве з 11 па 16 ліпеня. Журы конкурсу традыцыйна ўзначальвае выбітны дырыжор Віктар Роўда.

Беларускі саюз мастакоў зьвярнуўся да старшыні дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі Віктара Чыкіна з пратэстам супраць паказу па Беларускім тэлебачаньні дакумэнтальнага фільму “Анатоль Анікейчык”. Стужка, зьнятая рэжысэрам Аляксандрам Войнічам, паказвае савецкага скульптара Анікейчыка апалягетам таталітарызму й кан’юнктуршчыкам, “якому спадарожны вецер дзьмуў у сьпіну і нават ніжэй”. Саюз мастакоў патрабуе ў Чыкіна права рэдагаваць новыя тэлефільмы пра нябожчыкаў савецкага мастацтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG