Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 2001 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі заснавалі Аргкамітэт у cправе стварэньня "Згуртаваньня ўдзельнікаў адраджэнскіх, незалежніцкіх, вызвольных рухаў". Мэта новае грамадзкае арганізацыі — аб'яднаць усіх, хто апошнімі дзесяцігодзьдзямі бараніў мову, культуру, гісторыю, нацыянальную годнасьць і свабоду беларусаў.

У Арганізацыйны камітэт па стварэньні гэтага Згуртаваньня ўвайшлі вядомыя ў краіне інтэлектуалы: рэжысэр Валеры Мазынскі, мастакі Аляксей Марачкін і Ўладзімер Крукоўскі, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, культуролягі Зьміцер Санько й Зьдзіслаў Сіцька. Каардынатарам Аргкамітэту абраны вядомы гісторык Міхась Чарняўскі.

У звароце сябры Аргкамітэту заклікаюць вэтэранаў нацыянальнага руху Беларусі на Радзіме і ў замежжы аб'яднацца, каб: "разам пераадолець катастрафічную разьяднанасьць, пэсымізм і разгубленасьць". Аўтары звароту спадзяюцца, што вэтэраны-адраджэнцы адгукнуцца на заклік аб'яднацца пад спрадвечнымі cымбалямі, дзеля абароны свабоды асобы й незалежнасьці краіны.

Гаворыць каардынатар Аргкамітэту Міхась Чарняўскі:

"Больш актыўныя людзі, асабліва моладзь, працуюць цяпер у палітыцы штодзённа, а вось тыя, хто стваралі грунт, падмурак адраджэньня — людзі старэйшага пакаленьня, дык яны расьцярушаныя па Беларусі, як быццам бы адсунутыя ўбок, а часам забытыя ці прызабытыя. І таму ўзьнікла такая ідэя — паспрабаваць аб'яднаць тых, хто быў у нашым Адраджэньні, хто яшчэ жывы ды хто яшчэ можа прыносіць карысьць для Беларусі. Арганізацыйны камітэт спрабуе гэту справу распачаць. Ну, думаем, што й распачнем", — паведаміў спадарЧарняўскі.

Сябры Аргкамітэту спадзяюцца аб'яднаць у новай арганізацыі былых настаўнікаў, удзельнікаў падпольных незалежніцкіх арганізацыяў і нават паваеннага беларускага збройнага супраціву, прычым і зь Беларусі, і зь іншых краінаў. Згуртаваньне беларускіх вэтэранаў будзе займацца навуковай дзейнасьцю (збор інфармацыі пра ўдзельнікаў нацыянальнага руху, выданьне даведнікаў ды інш.), сацыяльнай дапамогай вэтэранам, а таксама даглядаць магілы адраджэнцаў. Сябры Згуртаваньня будуць актыўна ўдзельнічаць і ў грамадзкім жыцьці краіны.

Чаму ж гэткая грамадзкая арганізацыя паўстае толькі цяпер, а ня ў першыя гады беларускай незалежнасьці, калі палітычны клімат у краіне быў больш спрыяльным?

"Восем гадоў таму, калі мы думалі, што мы ўжо пабудавалі беларускую незалежную дзяржаву, думалася-меркавалася, што гэта будзе дзяржаўны клопат. Што мы ня будзем ужо бегаць, каб некага рэабілітаваць, хто сядзеў за падпольную арганізацыю — наадварот, дзяржава іх ушануе пэрсанальнымі пэнсіямі, нацыянальнымі ардэнамі і так далей. Гэтак ня выйшла. Зараз дзяржава гэтым не займаецца, дык мы павінны самі гэтым займацца", — кажа каардынатар Аргкамітэту Згуртаваньня вэтэранаў Нацыянальна-вызвольнага руху Міхась Чарняўскі.

Сябры Аргкамітэту рыхтуюць статут і праграму Згуртаваньня і працуюць над дакладнай афіцыйнай назвай арганізацыі. Са словаў Міхася Чарняўскага, устаноўчы зьезд арганізацыі адбудзецца на пачатку сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG