Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Менскім гарадзкім судзе разглядалася скарга лідэра Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоля Лябедзькі, які дамагаецца, каб суд задаволіў ягоны пазоў супраць Аляксандра Лукашэнкі. Гарадзкі суд пакінуў бяз зьменаў пастанову суду раённага, паводле якой спадар Лукашэнка не абражаў гонару й годнасьці Анатоля Лябедзькі.

Сёньня судзьдзі гарадзкога суду спадарыні Яблыкава, Цэсік і Тапёркіна разглядалі скаргу лідэра АГП Анатоля Лябедзькі. Старшыня Грамадзянскае партыі прасіў задаволіць ягоны пазоў супраць Аляксандра Лукашэнкі, які двойчы публічна абвінаваціў спадара Лябедзьку ў атрыманьні 1.500 даляраў ад заходніх амбасадараў і ад амэрыканцаў на арганізацыю ў Беларусі акцыяў пратэсту апазыцыі. (Упершыню гэтае абвінавачваньне з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі прагучала 15 кастрычніка на адным з выбарчых участкаў Менску, другі раз двума днямі пазьней пад час нарады з галоўнымі рэдактарамі дзяржаўных газэтаў.)

Анатоль Лябедзька палічыў, што абвінавачваньні Аляксандра Лукашэнкі абражаюць ягоныя гонар і годнасьць ды зьвярнуўся ў суд Фрунзэнскага раёну Менску. У сваёй заяве лідэр АГП прасіў суд прызнаць непраўдзівымі гэтыя абвінавачваньні, даць яму магчымасьць выступіць у жывым эфіры тэлевізіі, а таксама спагнаць з высокага адказчыка паўтары тысячы даляраў матэрыяльнае кампэнсацыі. (Гэтыя грошы Анатоль Лябедзька зьбіраўся перадаць у школу дзяцей-інвалідаў).

Аднак, раённы суд разглядаць пазоў адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што словы Аляксандра Лукашэнкі ёсьць усяго толькі "ўласнай думкаю афіцыйнай асобы, выказанай у стылі адкрытае грамадзкае дыскусіі". А падобныя справы, маўляў, у судах не разглядаюцца. Анатоль Лябедзька назваў гэтую пастанову юрыдычна абсурднаю.

Сёньня ён прасіў судзьдзяў або забавязаць раённы суд прыняць ягоны пазоў, або разглядаць гэтую справу ў гарадзкім судзе. Спадар Лябедзька і ягоны прадстаўнік Яўген Лабановіч даводзілі судзьдзям, што Аляксандар Лукашэнка ёсьць ня толькі прэзыдэнтам, але й грамадзянінам і павінен несьці адказнасьць за паклёп, як і любы іншы.

Выступу з боку адказчыка не было, бо прадстаўнікі Аляксандра Лукашэнкі ў суд не зьявіліся. Заслухаўшы аргумэнты спадароў Лябедзькі й Лабановіча, судзьдзі працяглы час раіліся. Урэшце ў задавальненьні скаргі Анатолю Лябедзьку было адмоўлена, бо, на думку судзьдзяў, словы Аляксандра Лукашэнкі закранаюць пытаньні грамадзка-палітычнага жыцьця, і падобныя справы ў судах не разглядаюцца. Анатоль Лябедзька так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Лябедзька: ) "Натуральна, тое, што было агучана – чаму суд ня можа разглядаць гэтую справу са спасылкай на грамадзка-палітычнае жыцьцё – гэта проста новы пэрл, новы шэдэўр. Для мяне гэта вельмі цікавы дакумэнт, я яго буду скарыстоўваць. Перад паседжаньнем Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ мы зараз рыхтуем дакумэны, якія зьвязаныя з нашай сытуацыяй. Натуральна, што мы гэта прадставім у міжнародныя структуры. Фактычна, суд яшчэ раз засьведчыў, што ў нас дзейнічае норма аб недатыкальнасьці адной пэрсоны",

Лічыць Анатоль Лябедзька.

Лідэр АГП таксама паведаміў, што будзе падаваць адпаведныя апэляцыі на імя старшыні Менскага гарадзкога, а калі спатрэбіцца — то й Вярхоўнага судоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG