Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Да 1 студзеня прадпрымальнікі, што займаюцца рэалізацыяй тэхнікі МТЗ, мусяць атрымаць адпаведную ліцэнзію ў Міністэрстве прамысловасьці. Чыноўнікі матывуюць гэта тым, што трактарны бізнэс у Беларусі ўсё больш крыміналізуецца.

Дагэтуль кожны замежны кантракт на пастаўку трактароў меў на ўвазе дзьве сур'ёзныя працэдуры: рэгістрацыю ў МЗС і ўзгадненьне ў Міністэрстве прамысловасьці. Ліцэнзаваньне, на думку некаторых гандляроў, ускладніць працу пасярэднікаў зь беларускага боку і павялічыць прысутнасьць расейскіх кампаніяў, якія бесьперашкодна будуць працаваць на аснове бартэру і ўзаемазалікаў. У Міністэрстве прамысловасьці так патлумачылі неабходнасьць больш жорсткае палітыкі ў адносінах да гандлёвых пасярэднікаў МТЗ.

Гаворыць Міхал Собалеў:

(Собалеў: ) "На ўнутраны й замежны рынкі трактары ідуць па розных коштах. Напрыклад, для калгасаў і фэрмэрскіх гаспадарак Беларусі — удвая таньней. Але чамусьці гэтыя гаспадаркі імкнуцца выкарыстоўваць тэхніку не для ўласных патрэбаў, а адразу ж перапрадаць яе. Таму нашая мэта — прыціснуць тых, хто не выконвае заканадаўства".

Фінансавай неразьбярыхаю як унутры, гэтак і па-за межамі прамысловага гіганту карыстаюцца многія. Асаблівы інтарэс уяўляе, так бы мовіць, мэтавая тэхніка для сельскае гаспадаркі. Заводзкі кошт сэрыйнага трактара МТЗ-80 складае 14 тысячаў. Тыя ж трактары, што адгружаюцца ў беларускую вёску, каштуюць удвая таньней.

Прычым, ніякага кантролю за тым, ці дойдзе тэхніка да месца прызначэньня, няма. На гэтай глебе нярэдкія выпадкі, калі зусім новы трактар адразу ж знаходзіць новага гаспадара, само сабою, ужо па завышаным кошце. Адзін з кіраўнікоў калгасу на Гарадзеншчыне распавёў, што гэта ў нейкім сэнсе вымушаная мера. "Не прадасі — усё роўна скрадуць", — канстатаваў суразмоўца й прывёў прыклад, як у суседнім калгасе імя Дзяржынскага зь перапынкам у тыдзень наўпрост са стану былі скрадзеныя два новыя МТЗ-80. Крымінальная справа і далейшыя пошукі нічога не далі. Падобных справаў, як паведамілі мне ў пракуратуры Менскае вобласьці, дастаткова шмат. Прычым, ёсьць зьвесткі, што некаторыя крымінальныя апэрацыі ажыцьцяўляюцца з улікам інтарэсаў непасрэдна кіраўнікоў гаспадарак.

Сярод пакупнікоў фігуруюць часьцей за ўсё асобы суседніх краінаў — Расеі, Летувы, Украіны. Як зарэгістраваная ў Беларусі тэхніка трапляе зя мяжу — пытаньне найперш да памежнікаў.

Спакусы лёгкіх грошай не пазбаўленыя і на больш высокім узроўні. Цягам апошніх гадоў МТЗ неаднаразова скаланалі скандалы вакол незаконнае рэалізацыі тэхнікі, у якіх было замешанае і кіраўніцтва заводу. Неадкладныя звальненьні аказаліся для начальства найлепшым варыянтам разьвіцьця падзеяў. На МТЗ ліцэнзаваньне вітаюць. Але тыя, хто мараць ліцэнзіі атрымаць, лічаць, што падобным чынам проста фармуецца кола набліжаных да разьмеркавальнае сыстэмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG