(эфір 6 верасьня)
Прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін спыніў удзел у выбарчай кампаніі ў парлямэнт. Пра гэтае рашэньне ён абвясьціў на сёньняшнім паседжаньні Рады прадпрымальніцкай арганізацыі. Сёньняшняе паседжаньне рады Саюзу прадпрымальнікаў было прысьвечана разгляду гэтак званае "справы Карагіна". Кіраўніцтва Саюзу вырашыла абмеркаваць нядаўнюю ініцыятыву Ўладзімера Карагіна балятавацца ў лукашэнкавы парлямэнт ад Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Сяргея Гайдукевіча. Згаданая ініцыятыва атрымала шырокі розгалас у прадпрымальніцкім асяродзьдзі. Частка прадпрымальнікаў запатрабавала адстаўкі Ўладзімера Карагіна. Саюз прадпрымальнікаў, такім чынам, апынуўся на мяжы расколу. Гэта пацьвердзіла й сёньняшняе паседжаньне Рады. Пасьля бурлівае дыскусіі Ўладзімер Карагін заявіў, што спыняе ўдзел у выбарчай кампаніі. Вось як ён патлумачыў гэтае рашэньне нашаму радыё: "Улічваліся вельмі многія аргумэнты вылучэньня мяне ад адной з палітычных партыяў, і было рэкамэндавана не вылучацца. Я як адзін з заснавальнікаў Саюзу, безумоўна, мушу ўлічваць меркаваньні прадпрымальнікаў. Хаця было шмат галасоў і ў патрымку майго кроку. Напрыклад, ад берасьцейскай арганізацыі прадпрымальнікаў. Аднак я палічыў, што не павінен быць прычынаю расколу Саюзу прадпрымальнікаў. Я зьвязаўся са старшынём Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Гайдукевічам, распавёў пра складаную сытуацыю, што ўзьнікла вакол майго вылучэньня, і Сяргей Васілявіч склікаў Вышэйшую Раду партыі і прыняў маю заяву пра зьняцьцё", — паведаміў Уладзімер Карагін. Пасьля гэтае заявы Рады вырашыла пакінуць яго на пасадзе прэзыдэнта Саюзу прадпрымальнікаў. А вось што распавёў пра сёньняшні разгляд "справы Карагіна" адзін зь ягоных намесьнікаў Аляксандар Патупа: (Патупа: ) "Пытаньне стаяла вельмі радыкальна – каб ён у адстаўку падаваў. У апошнюю хвіліну ён пасьля званка пану Гайдукевічу, ён сказаў, што ня будзе высоўвацца ад ЛДП на выбарах. Пасьля ён напісаў і падпісаў заяву, і, паводле пратаколу, мы ведаем, што сёньня ён ужо не кандыдат ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі на гэтых выбарах". (Карэспандэнт: ) "Чаму апошнім часам афіцыйныя СМІ сталі заступацца за Карагіна?" (Патупа: ) "Падтрымка гэта відавочная, таму што ўлада мае намер мець найбольшую колькасьць кандыдатаў, якія могуць быць падаваныя як дэмакратычныя. Глядзіце, эўрапейскія структуры, маўляў, як у нас тут добра. А пасьля таго, як яны будуць зарэгістраваныя, іх будуць тапіць, выштурхоўваць з гэтай кампаніі". — зазначыў віцэ-прэзыдэнт Аляксандар Патупа.