Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 красавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У Менскім гарадзкім судзе працягваўся разгляд крымінальнае справы лідэра "Народнае Грамады" Міколы Статкевіча й дэпутата Вярхоўнага Савету Валерыя Шчукіна.

Сёньня ў Менскі гарадзкі суд зьявіліся шасьцёра спэцназаўцаў, якія пацярпелі пад час леташняй сутычкі на вуліцы Першамайскай 17 кастрычніка. Гэта Яўген Алейнік, Аляксей Кандрашкоў, Аляксандар Кудзін, Зьміцер Касьпяровіч, Вячаслаў Шпакоўскі й Сяргей Капцелаў.

Пад час апытаньня высьветлілася, што ўсе гэтыя вайскоўцы літаральна празь месяц пасьля "Маршу Свабоды" былі дэмабілізаваныя з арміі, а ўсім, хто атрымаў хаця б нейкія цялесныя пашкоджаньні, была выплачаная кампэнсацыя памерам 800 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, некаторыя зь іх у судзе падалі зыскі да Статкевіча й Шчукіна, каб тыя кампэнсавалі ім маральныя страты памерам 500 тысячаў рублёў.

Сёньняшнія паказаньні пацярпелых у параўнаньні з учорашнімі гучалі больш упэўнена, але былі амаль аднолькавыя.

Вось як пракамэнтаваў гэта лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Я думаю, што хоць усе яны з упэўненым вайсковым выглядам гавораць пра тое, што ім ніхто не даваў ніякіх камандаў, але відавочна, і гэта пасьля будзе паказана, пасьля іх допытаў, што ўсе яны дзейнічаюць па адным пляне, усе яны бачылі адно і тое ж. Дарэчы, няпраўду. Так што яны, безумоўна, падрыхтаваныя, але некаторыя зь іх адмаўляюцца паказваць, што бачылі мяне ці Шчукіна, і гэта, як правіла, робяць толькі тыя, хто дэмабілізаваны, за выключэньнем двух чалавек, якім адмовілі ў паступленьні ў Акадэмію Міліцыі, бо ў іх нейкія траўмы, а таксама акрамя тых, хто зараз служыць ва ўнутраных войсках. Дарэчы, усе тыя, хто быў задзейнічаны 17 кастрычніка, ужо праз два дні першыя пачалі звальняццаз войска, раней тэрміну на два месяцы".

Гаварыў Мікола Статкевіч.

Дэпутат Валеры Шчукін дадаў:

(Шчукін: ) "Што можна патрабаваць ад жаўнераў, якія ня ведаюць плянаў генэралаў. А сёньня новая пракурорка Ганчарова дык увогуле спытала – чаму мы пайшлі ня тым маршрутам. Яна нават ня ведае, што дэманстрацыя была забароненая. Відаць, справу ў руках не трымала, але падтрымлівае абвінавачваньне. Учора быў адзін пракурор, сёньня другі, заўтра невядома хто яшчэ. І, такім чынам, у іх няма часу, каб азнаёміцца са справаю.

Акрамя таго, што пракурор ня ведае, у чым сутнасьць справы, яна ня ведае і палітычную сытуацыю ў краіне. А гэтая справа палітычная, а не крымінальная", – паведаміў Валеры Шчукін.

Самі пацярпелыя пасьля судовага працэсу пагадзіліся даць інтэрвію "Радыё Свабода"…

(Голас: ) "У нас было спэцыяльнае падразьдзяленьне, якое разьмяшчалі на вуліцах, па якіх шэсьце было забароненае. Усе тры вуліцы, якія мы прыкрывалі, былі ўдалыя, а вось на апошняй вуліцы, там адбылося.."

(Голас: ) "Калі паказвалі па тэлевізіі і сказалі, што натоўп разагнаў толькі спэцназ і АМОН… Там былі мы, а пра нас увогуле нічога не згадалі. Я ня ведаю, нас адразу звольнілі".

(Голас: ) "Гэта спэцыяльная брыгада, гэта не армія, таго, хто паўтары гады прабыў з лапаткай, яго не паставяць. Гэта справа незвычайная. Спма дзяржава паказвае, што яна бясьсільная…"

У судовае паседжанне зьявіліся сёньня ня ўсе спэцназаўцы. Апытаньне пацярпелых будзе доўжыцца яшчэ некалькі дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG