Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 красавіка 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш

Учора ўвечары міністры замежных справаў Эўрапейскага Зьвязу падтрымалі пастанову Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы пра пачатак працэдуры выключэньня Расеі з Рады Эўропы за вайну ў Ічкерыі. У часе нарады ў Люксэмбургу яны назвалі гэтую пастанову апраўданай. У той самы час, удзельнікі сустрэчы заявілі, што Эўразьвяз ня мае намераў ізаляваць Расею. Увечары кіраўнікі эўрапейскіх зьнешнепалітычных ведамстваў сустрэліся зь міністрам замежных справаў Расеі Ігарам Івановым.

"Расея павінная зразумець, што нашыя хваляваньні адносна дэмакратыі і правоў чалавека ў Ічкерыі вельмі сур'ёзныя," – цытуе міністра замежных справаў Нямеччыны Ёшку Фішара сёньняшняя "Berliner Zeitung". Далей газэта паведамляе, што Эўрапейскі Зьвяз не зьбіраецца ўжываць у дачыненьні да Расеі якіх-небудзь шырокіх санкцыяў. Але грошы, якія прызначаліся для праграмаў дапамогі разьвіцьцю Расеі, цяпер часткова будуць ужытыя на гуманітарную дапамогу. Апрача гэтага, грошы, ня ўжытыя на харчовую дапамогу летась, ня будуць пераведзеныя на сёлета. У дадатак Эўрапейскі Зьвяз заявіў, што ён мае намер ўжыць антыдэмпінгавыя захады супраць расейскае сталі.

У выніковай дэклярацыі, якую прынялі міністры замежных справаў у Люксэмбургу, таксама няма гаворкі пра санкцыі. Міністры адзначылі, што расейскія ўлады праявілі гатовасьць апублікаваць справаздачу пра парушэньні правоў чалавека ў Ічкерыі і дапусьціць назіральнікаў "Чырвонага Крыжа" ў лягеры для ваеннапалонных.

У той самы час заходнія аналітыкі заўважаюць, што канкрэтных прапановаў у справе вырашэньня праблемы правоў чалавека на Паўночным Каўказе, расейскі бок не падаў.

Паводле агэнства "Интерфакс" 12 красавіка ў Расею з афіцыйным візытам прыяжджае старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Аўстрыі Бэніта Фэррэраа-Вальднэр, якая пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Владзімірам Пуціным і перамоваў з Ігарам Івановым, плянуе наведаць Паўночны Каўказ. У Ічкерыі яна затрымаецца ў Грозным і Аргуне, наведае вёску Знаменская, лягер для перамешчаных асобаў і адну зь лякарняў. Апрача гэтага Старшыня АБСЭ плянуе сустрэцца з прэзыдэнтамі Інгушэтыі – Русланам Аўшавым і Паўночнай Асетыі – Аляксандарам Дзасохавым.

Паводле прэсавага сакратара аўстрыйскага пасольства ў Расеі Гюнтэра Зальцмана, мэта паездкі Фэррэры-Вальднэр у Ічкерыю – вывучэньне магчымасьці вяртаньня ў гэтую рэспубліку Групы садзеяньня АБСЭ, якая зь меркаваньняў бясьпекі ад сьнежня 1998 году базуецца ў Маскве.

Тым часам у самой Ічкерыі ўв апошнія содні адбываліся дробныя чачэнска-расейскія сутычкі, якія, паводле іхных маштабаў, можна клясыфікаваць, як пачатак партызанскай вайны. Так, зафіксаваныя восем абстрэлаў расейскіх блёк-пастоў і дзьвюх калёнаў фэдэральных сілаў. Найбольшая сутычка адзначаная ў Шатойскім раёне, дзе аддзел незалежнікаў атакаваў мясцовы аддзел унутраных справаў. Дакладных зьвестак пра страты з абодвых бакоў, няма. Учора ж, у Гудэрмесе, за сотню мэтраў ад рэзыдэнцыі паўнамоцнага прадстаўніка расейскага ўраду ў Ічкерыі выбухнула бомба. Пра ахвяры таксама не паведамляецца.

Затое стаў вядомым яшчэ адзін выпадак парушэньня правоў чалавека з боку расейскіх вайскоўцаў. 10 красавіка над вёскай Самашкі зьявіліся тры расейскія гэлікоптары. Адзін зь іх сеў на ўскрайку вёскі і вайскоўцы, якія выйшлі зь яго, пачалі спраўджаць дакумэнты ў пяці чачэнцаў. Затым яны адкрылі вагонь па аднаму зь іх, пасьля чаго селі ў гэлікоптар і паляцелі.

Чачэнец з трыма ранамі ў шыю і грудзі быў прывезены ў лякарню Ачхой-Мартану, дзе яго і заўважылі журналісты.

Як паведамляюць заходнія сродкі масавай інфармацыі, у часе выніковай прэсавай канфэрэнцыі ў Люксэмбургу, міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў сказаў, што у часе паседжаньня міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу гаворка ішла пра магчымасьці стварэньня незалежнай нацыянальнай камісіі для дасьледаваньня злачынстваў у Ічкерыі. Але Іваноў заявіў, што "ня можа быць і гаворкі пра якую б там ні было прысутнасьць міжнародных назіральнікаў у Ічкерыі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG