Пакуль расейскія афіцыйныя асобы даводзяць, што фэдэральныя войскі, нібыта, па-ранейшым кантралююць паселішчы паблізу Грознага, якія затакавалі чачэнцы, інфармацыйныя агенцтвы сьвету паведамляюць аб працягу баёў у Чачні. Некаторыя аналітыкі называюць гэтую вайну таннай. Між тым, палітычнаму істэблішмэнту Расеі яна можа каштаваць дорага. Як заявілі афіцыйныя прадстаўнікі расейскіх войскаў, яны па-ранейшаму кантралююць тры-чатыры прыгорныя раёны на паўднёвым усходзе Чачні. Яны заявілі таксама, што фэдэральным сілам удалося зноў заняць два паселішчы каля Грознага, адваяваныя раней чачэнцамі. Аднак, расейскія афіцэры пацьвердзілі, што чачэнскія байцы хаваюцца шмат у якіх мясьцінах, кантраляваных расейцамі, і што ня выключаныя новыя нечаканыя атакі зь іхнага боку. Расейскія афіцыйныя асобы заявілі, што фэдэральныя войскі замацаваліся ў Аргуне й Шалі, і што чачэнскія сілы адыйшлі перад тым ад Гудэрмесу. Аднак, расейскія інфармацыйныя агенцтвы паведамілі пра баі, якія вяліся ў Аргуне й Шалі. Прадстаўнік фэдэральных сілаў назваў затрымку ў наступе часовай і сказаў, што вайсковая стратэгія застаецца ранейшай, улучна з інтэнсіўным пошукам чачэнскіх байцоў, якія хаваюцца сярод мірных жыхароў. Між тым, прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джэймс Рубін заявіў на брыфінгу ў Вашынгтоне: (Рубін: ) "Мы павінныя дакладна растлумачыць тое, што было ўжо сказана адносна намераў расейскіх войскаў. Мы маем намер сачыць за расейскімі ўладамі ды іншымі, і мы перакананыя ў тым, што Расея абавязаная паважаць фундамэнтальныя правы чалавека й мірнага населініцтьва як унутры, так і па-за межамі Чачні, ды гарантаваць бясьпеку мірных жыхароў, а таксама свабоду перасоўваньня ўцекачоў". У некаторых паведамленьнях адзначаецца, што чачэнскія сілы атрымліваюць у дапамогу грошы ды ўзбраеньні з Пакістану й Афганістану, – піша газэта "Washington Post". – Пасьпяховы наступ расейскіх войскаў у Чачні, які працягваўся чатыры месяцы, скончыўся на мінулым тыдні. Надзея на тое, што чачэнская кампанія дапаможа Ўладзімеру Пуціну лёгка перайсьці з пасады выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта ў прэзыдэнты, цяпер можа быць падарваная.
Цяжкія баі ў прыгорных раёнах прымусілі расейскія сілы спыніць свой наступ на Грозны. Міністар абароны маршал Сяргееў сказаў у сераду, што толькі бамбаваньне Грознага можа ў рэшце рэшт выгнаць адтуль чачэнскіх байцоў. Праз два дні пасьля таго, як расейцы пакінулі Грозны, іхныя войскі былі зьнянацку атакаваныя чачэнцамі ў некалькіх местах. Як паведаміла агенцтва Reuters, вайсковая апэрацыя ў Чачні каштуе Маскве 100-150 мільёнаў даляраў на месяц, пачынаючы зь верасьня мінулага году. Дзеля параўнаньня, усе выдаткі на абарону, закладзеныя ў бюджэт на 2000 год, складаюць 5 мільярадаў 600 тысяч даляраў. Міжнародны Валютны фонд і амэрыканскі банк у апэрацыях экспарту ды імпарту не пазычалі грошай Расеі цягам вайны ў Чачні, аднак Усясьветны банк рэканструкцыі й разьвіцьця перавёў ёй у мінулым месяцы 100 мільёнаў даляраў – частку 800 мільённага крэдыту, прадстаўленага Расеі ў якасьці дапамогі ў мадэрнізацыі вугальнай прамысловасьці. Аналітыкі ў галіне фінансаў сьцьвярджаюць, што выдаткі на баявую апэрацыю ў Чачні, нават калі яна расьцягнецца на год, могуць быць зь лішкам кампэнсаваныя за кошт падвышэньня цэнаў на нафту. Расея, як вядома, займае трэцяе мейсца ў свьеце сярод экспартэраў нафты й газу. У той самы час, паводле расейскіх СМІ, жаўнерам ў Чачні абяцаюць плаціць ад 800 да 1000 рублёў на дзень (гэта менш як 38 даляраў ЗША). Паводле сайту фірмы "Росбізнэскансалтынг" у Інтэрнэце, "шмат у якіх аспэктах гэта – танная вайна".