Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 жніўня 1999 г.


Ёнас Лаўрынавічус, Вільня

Сёньня а 14-й гадзіне ў віленскім цэнтры Таварыства беларускае культуры абвешчаны й публічна падпісаны зварот да народу Беларусі, усіх беларусаў сьвету, парлямэнтаў, урадаў дэмакратычных краінаў...

Дакумэнт, які ў прысутнасьці старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Сямёна Шарэцкага й трох дэпутатаў Сэйму Летувы і навідавоку шматлікіх газэтчыкаў, тэле- і радыёжурналістаў падпісалі прэзыдэнт Рады Беларускае Народнае Рэспублікі Івонка Сурвіла, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч і прэзыдэнт Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" Радзім Гарэцкі, нагадвае, што 20 ліпеня сёлета скончыўся тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, нелегітымнымі сталі і ўсе прызначаныя ім уладныя структуры.

Згодна з артыкулам 105 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь да прынясеньня прысягі новаабраным прэзыдэнтам паўнамоцтвы кіраўніка краіны перайшлі да старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага, а абавязкі старшыні ВС — да ягонага першага намесьніка Віктара Ганчара. Паводле дакумэнта, у бліжэйшыя дні мусіць быць сфармаваны новы ўрад. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь павінны адбыцца выбары прэзыдэнта, але Лукашэнка й створаны ім рэжым, — адзначаецца далей у прынятым звароце, — выкарыстоўваючы антыканстытуцыйныя мэтады, працягваюць утрымліваць уладу. Больш таго, яны й далей прадпрыймаюць намаганьні ў аб'яднаньні Беларусі з Расеяй у адную дзяржаву, рпэзыдэнтам якой марыць стаць Аляксандар Лукашэнка. Нажаль, ва ўсім гэтым іх падтрымліваюць многія расейскія палітыкі, якія таксама жадаюць аднаўленьня імпэрыі. Мы зьвяртаемся да народу Рэспублікі Беларусь і ўсіх беларусаў сьвету, — гавораць падпісанты звароту,-- з заклікам спрыяць станаўленьню ў Беларусі канстытуцыйнае ўлады, усталяваньня незалежнае дэмакратычнае праўнае дзяржавы. Мы зьвяртаемся да парлямэнтаў і ўрадаў дэмакратычных дзяржаваў з заклікам не прызнаваць узурпатара і ўтвораныя ім у Беларусі антыканстытуцыйныя структуры, спрыяць імкненьню беларускага народу да незалежнасьці, падтрымаць права беларусаў вызначыць свой лёс праз дэмакратычна абраную ўладу.

Камэнтуючы прыняты дакумэнт, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч сказаў, што галоўны вынік, да якога прыйшлі ў апошні час сябры апазыцыі — гэта яе адзінства. Стаўка ўлады Лукашэнкі на яе раскол не ўдалася. Станіслаў Шушкевіч нагадаў, што надоечы 9 палітычных партыяў Беларусі перадалі паўнамоцтвы на вядзеньне перамоваў і фармаваньне павесткі дня гэтых перамоваў Вярхоўнаму Савету Беларусі 13 скліканьня.

Што датычыць адміністрацыі Лукашэнкі, то яна мкнецца падзяліць апазыцыю на так званую "канструктыўную" і "неканструктыўную". Замест перамоваў з палітычнымі партыямі яна намерана, да прыкладу, перамаўляцца з арганізацыямі "аўганцаў", сябраў якіх у Беларусі ў некалькі разоў менш, чым сябраў аднаго толькі Беларускага Народнага Фронту.

Прэзыдэнт Рады Беларускае Народнае Рэспублікі Івонка Сурвіла сёньняшні зварот ацаніла так:

(Сурвіла: ) "Я ўважаю, што гэта можна назваць гістарычнай падзеяй, бо сабраліся ўсе разам — усе сілы апазыцыі супраць цяперашняга рэжыму ў Беларусі, уключна з Радаю Беларускае Народнае Рэспублікі, якая першы раз зьяўляецца на таком паседжаньні. Я вельмі задаволеная, што сюды прыехала. Я ўважаю, што Шарэцкі робіць цяпер вельмі пазытыўную працу. І я надзеюся, што беларускі народ падтрымае нашую дзейнасьць, і што мы дойдзем да рэзультатаў".

(Карэспандэнт: ) "Як вы ацэньваеце, што апазыцыя ў Беларусі ўжо дасягнула пэўнага адзінства — калі можна садзіцца й падпісваць такія дэклярацыі?".

(Сурвіла: ) "Абсалютна. Вельмі з гэтага я задаволена і ганаруся. Гэта найважнейшы першы крок".

(Карэспандэнт: ) "Наколькі я ведаю, улады ў Беларусі не адзін год спрабавала атрымаць ад Рады БНР пэўныя юрыдычныя паўнамоцтвы. Ці азначае падпісаньне вамі гэтага дакумэнта, што вы такія паўнамоцтвы даецё спадару Шарэцкаму?"

(Сурвіла: ) "Справа ў чым — мы супрацоўнічаем і падтрымоўваем поўнасьцю спадара Шарэцкага, але паўнамоцтвы Рады БНР будуць у руках Рады БНР пакуль не адродзіцца вольная, незалежная, поўная сілаў дэмакратычная Беларусь".

І нарэшце экспрэс-камэнтар Сямёна Шарэцкага:

(Карэспандэнт: ) "Ці можна трактаваць сёньняшнюю падтрымку Вас, вашага Вярхоўнага Савету, шырокай апазыцыі, што Вы паспрабуеце з юрыдычна моцных пазыцыяў размаўляць з Лукашэнкам".

(Шарэцкі: ) "Так. Канешне, і я вам скажу — гэта вельмі важны крок у справе падтрыманьня нашага адзінства".

Дэпутат Сэйму Летувы, хрысьціянскі дэмакрат Ігнацасуш Давініс у сваім выступе-пажаданьні параіў беларускім калегам-парлямэнтарыям крок за крокам ажыцьцяўляць тактыку на аднаўленьне канстытуцыйнасьці ў Беларусі, на яе незалежнасьць і паабяцаў салідарнасьць з боку аднадумцаў у Сэйму Летувы.

Сябра Сэйму ад партыі Маладая Летува Стасіс Бушкавічус цікавіўся — ці маюць законную сілу прымаемыя цяпер Аляксандрам Лукашэкам праўныя акты. А яшчэ адзін дэпутат Сэйму кансэрватар Пятрас Шакалініс цікавіўся дэталямі магчымых будучых перамоваў апазыцыі з адміністрацыяй Лукашэнкі.

Цікавасьць летувіскае прэсы да сёньняшняе падзеі, бадай, ня мае аналягаў. Глебу дзеля гэтага падрыхтавалі й заявы міністэрства замежных справаў Беларусі адносна знаходжаньня Шарэцкага ў Летуве, і ўсё больш высьпяваючыя ў асяродку летувіскага істэблішмэнту разуменьні гістарычнае важнасьці таго, што адбываецца ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG