(эфір 1 жніўня)
Такіх вынікаў галасаваньня, калі меркаваньні дэлегатаў зьезду падзяліліся дакладна пароўну, апроч мастака Алеся Пушкіна не чакаў, бадай, ніхто. Камэнтуючы вынікі галасавньня нашаму карэспандэнту Юрасю Карманаву, адзін з кандыдатаў у старшыні Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка, у прыватнасьці, заявіў: (Вячорка: ) "Я ацэньваю вынікі першай сэсыі зьезду станоўча. Я ад самага пачатку падрыхтоўкі шостага зьезду заявіў, што бачу сваім абавязкам не дапусьціць расколу ў Беларускім Народным Фронце. Так, сапраўды мы розныя людзі, мы, магчыма, належым да розных палітычных пакаленьняў, і па рознаму бачым мэтодыкі палітычнай і грамадзкай працы. Але ж гэта не падстава дзеля таго, каб адная палова выганяла ці вычышчала са складу Беларускага Народнага Фронту і ягоных кіраўнічых ворганаў другую палову. Тое, што ёсьць разнадумства рэч звычайная. І толькі важна разнадумства не даводзіць да расколу". (Карэспандэнт: ) "Скажыце калі ласка, ці лічыце Вы, што Зянон Пазьняк атрымаў, паводле вынікаў галасаваньня, паразу?" (Вячорка: ) "Я думаю, што для яго гэта будзе сур'ёзнай нагодай задумацца пра пасьпяховасьць тых прапановаў як агульнапалітычных, так і ўнутрыфронтаўскіх зь якім ён выходзіў апошнім часам і на беларускае грамадзтва, і фронтаўскі актыў". Намесьнік старшыні Юры Хадыка й сакратар Управы Вячаслаў Сіўчык назвалі вынікі галасаваньня паразаю Зянона Пазьняка. Лідэр ня мае права на такія лічбы заявіў Вячаслаў Сіўчык. Прадстаўнік іншага лягеру, лідэр прыхільнікаў Зянона Пазьняка, намесьнік старшыні Сяргей Папкоў лічыць, што старшыня БНФ паразы не атрымаў: "Няма паразы, мы проста падвісьлі ў паветры на пару месяцаў. Будзем разьбірацца жыцьцё не спыняецца. Я лічу, што трагедыі няма". Выконваючы абавязкі старшыні Лявон Баршчэўскі, які будзе выконваць гэтыя функцыі да другой сэсыі зьезду, лічыць, што зь вяртаньнем Зянона Пазьняка падзелу ў Фронце ўдасца пазьбегнуць: "Я думаю, што спадар Пазьняк сам павінен выцягнуць урокі з гэтага галасаваньня. Ён павінен сам прапанаваць кіраўніка Фронту на Беларусі (з захаваньнем ягонага [Пазьняка] высачайшага статусу і ягонай падтрымкі там за мяжою). Калі ён вернецца на працягу трох месяцаў мы склікаем чарговы зьезд і ён вырашыць, хто надалей будзе кіраваць Фронтам. Але ён не павінен баяцца, што ён там будзе, а тут у гэты час нехта стане нацыянальным лідэрам. А ні ў спадара Вячоркі, а ні ў іншых няма такога памкненьня замяніць яго як палітычнага лідэра. Але ёсьць памкненьні зарганізаваць працу арганізацыі, якая ў значнай ступені затармазілася й была дэзарганізаваная ў апошнія гады. І таму, перадаючы яму абсалютную падтрымку як палітычнаму лідэру, я буду настойваць на той пазыцыі, што кіраўніцтва Фронту й старшыня Фронту павінны находзіцца ў Беларусі".