Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Маскву на два дні прыляцеў міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў. Ад ранейшых візытаў гэты адрозьніваецца тым, што на перамовах у Маскве ўпершыню прагучэла тэма будучых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Рэпартаж з Масквы.

У першы дзень свайго візыту Міхаіл Хвастоў меў сустрэчу з расейскім міністрам замежных справаў Ігарам Івановым. Часьцей за ўсё такія перамоваы маюць збольшага рытуальны характар: Расея робіць выгляд, што трымыае беларускі бок за сур’ёзнага партнэра ў міжнароднай палітыцы. З беларускімі гасьцьмі абмяркоўваюцца нейкія зьнешнепалітычныя праблемы, а потым бакі запэўніваюць адно аднога ў стратэгічным характары партнэрства.

Так было і гэтым разам. Паводле словаў спадара Іванова, на сустрэчы міністры выказаліся адносна сытуацыі на Балканах, эўрапейскім кантынэнце і Блізкім Усходзе; потым сыйшліся на думцы, што дзьве краіны (цытата) “цьвёрда і ўпэўнена рухаюцца да саюзнай дзяржавы”.

Пасьля камплімэнтаў перайшлі да галоўнага. Міхаіл Хвастоў, паводле ягоных словаў, паінфармаваў Ігара Іванова адносна сытуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Характар гэтай інфармацыі невядомы, але відавочна, што зараз беларускі бок будзе скарыстоўваць любую магчымасьць, каб давесьці да расейскіх уладаў свой пункт гледжаньня на перадвыбарчую сытуацыю, бо не сакрэт, што ў расейскіх палітычных колах пэўную папулярнасьць мае ідэя скарыстаць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі для замены Аляксандра Лукашэнкі на больш прагназуемага прарасейскага палітыка.

У зьвязку з перадвыбарчай сытуацыяй можна разглядаць і наступную тэму перамоваў. Паводле словаў Міхаіла Хвастова, ён папрасіў расейскі бок садзейнічаць таму, каб Беларусь зноў атрымала статус спэцыяльна запрошанай у Радзе Эўропы. Цытую Міхаіла Хвастова: “Беларусь упэўнена прасоўваецца ў гэтым накірунку, і час працуе на нас”. Лягічна зрабіць выснову, што беларуская дыпляматыя ня супраць, каб Беларусь узнавіла супрацоўніцтва з Радай Эўропы яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў, і Расея – адзіная дзяржава, якая можа гэтаму актыўна паспрыяць.

Віктар Дзятліковіч, Масква

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG