Заўтра ў Магілеве распачынаецца шосты фэстываль “Залаты шлягэр”. Своеасаблівы
сэанс прымусовае настальгіі па савецкай мінуўшчыне абяцае стаць самым дарагім
за апошнія гады.
Але гэта той выпадак, калі сродкі не эканомяцца. Плянуецца, што ў адзін
зь дзён за кулісамі з творчай інспэкцыяй зьявіцца Аляксандар Лукашэнка.
Колькі канкрэтна будзе каштаваць падаткаплацельшчыкам забаўляльна-суцяшальны
“Залаты шлягэр”, трымаецца ў вялікім сакрэце. Але афіцыйны куратар фэстывалю,
супрацоўнік Міністэрства культуры Анатоль Мацьвіеўскі пацьвердзіў, што
ніхто з артыстаў выступаць бясплатна ня будзе.
Улічваючы немалую колькасьць запрошаных на фэстываль вэтэранаў ад сцэны,
можна зрабіць выснову: імпрэза зусім не дабрачынная, як тое спрабуюць падаць
дзяржаўныя мас-мэдыі. Каму ўвесь час і даводзіцца цешыцца рольлю бяспраўнае
падчаркі, дык гэта сапраўднай беларускай культуры. Што тычыцца плянавых
фэстаў накшталт “Залатога шлягэру”, дык яны фінансуюцца і з абласнога,
і з рэспубліканскага, і з уласнага бюджэту Міністэрства культуры.
Сваё меркаваньне адносна мэтазгоднасьці падобных фэстываляў выказвае
адзін з заснавальнікаў маладзёвай ініцыятывы “Беларуская музычная альтэрнатыва”
Сяргей Сахараў:
(Сахараў: ) “Як мне, так і іншым маладым людзям наогул цяжка зразумець,
нашто бухаюцца такія грошы ў такія мерапрыемствы. Мы ўжо жывем іншымі стандартамі:
мне наогул цяжка зразумець, што азначае прыезд таго ж Палада Бюль-Бюль-Аглы
і хто гэта такі. Мы іх папросту ня ведаем – гэта гэроі ня нашага часу.
Савецкі рэжым разгортваецца ў гэтай краіне па ўсіх напрамках дзейнасьці.
Тое, што дзяржава не падтрымлівае беларускую культуру – у гэтым нічога
страшнага няма. Беларуская музыка мае шанец на самаразьвіцьцё, і такім
чынам яшчэ раз пацьвярджаецца той факт, што ў нашым сьвеце можа пражыць
толькі незаангажаваная культура, незаангажаваныя нозьбіты.
Правядзеньне такіх фэстаў мусіць яшчэ раз паказаць, што калі-небудзь
усё лясьне, і ніякія “Залатыя шлягэры” нам не дапамогуць. Бо ў нашага
пакаленьня зьяўляюцца свае залатыя шлягеры. Мне цікавей слухаць музыку
сёньняшняга дня і думаць пра заўтрашні дзень, а ня ўзгадваць старыя нататкі,
плакацца над старымі фотаздымкамі і старымі кружэлкамі.”
Лічыць адзін з кіраўнікоў БМА Сяргей Сахараў.
Сярод запрошаных на “Залаты шлягэр” мноства тых, хто быў на вяршыні
славы 20-30 год таму, гэта значыць — у росквіт савецкай эстрады: Ратару,
Вайкуле, любімыя масамі напаўпадпольныя “блатныя” (Токараў, Новікаў, Кальянаў),
нават рэанімаваны італьянскі кумір 80-х Тота Кутуньё. Усе яны ўвасабляюць
эпоху быццам бесклапотнага існаваньня ў грамадзтве ўсеагульнае “ўраўнілаўкі”.
Менавіта такі лад імкнецца аднавіць і цяперашняе беларускае кіраўніцтва.
Рознага кшталту “базары”, “шлягэры” ды “віцязі” — толькі чарговая падстава
нагадаць пра вэктар ідэалягічных памкненьняў.
Вядомы ў музычных колах крытык і заснавальнік студыі “Ковчег” Юры Цыбін
мяркуе, што гэтым разам варты ўвагі толькі нечаканы прыезд легендарных
“Deep Purple”. Тое, якім чынам арганізатар канцэрту, агэнцыя “Класс-клуб”
апынулася пад шыльдаю “Залатога шлягэру”, не афішуецца. Да таго ж, аргкамітэт
фэстывалю задаволіўся менавіта шыльдаю, пакінуўшы прэрагатыву аплаты немалых
ганарараў спонсарам. Але спадар Цыбін лічыць, што спажыўцоў нюансы не цікавяць,
і тыя, чыя маладосьць прыйшлася на эпоху цяперашніх рок-дыназаўраў, на
канцэрт прыйдуць.
Іншая справа, ці шмат у каго знойдзецца $60-80 — менавіта столькі ў
сярэднім каштуе квіток на канцэрт. Іншыя — непараўнальна менш яркія зоркі
былой савецкай эстрады — больш даступныя. Але нават паводле арганізатараў,
аншлягаў пад час выступаў чакаць ня варта.
Ігар Карней, Менск
Самае папулярнае
1