Агляд чарговага нумару штотыднёвіка “Рабочы”.
Штотыднёвік “Рабочы” на мінулым тыдні ў ліку іншых 43-х незалежных выданьняў
стаў удзельнікам першага на Беларусі фэстывалю незалежнай прэсы, які адбыўся
ў Менску. Арганізатар сьвята – Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) на
чале з прэзыдэнтам асацыяцыі Жанай Літвіной. Пра адметную падзею ў журналісцкім
сьвеце сьведчаць здымкі і тэкстоўка на першай старонцы чарговага нумару
“Рабочага”. Побач – зьвесткі пра забастоўку рабочых з нагоды затрымкі выплаты
заробку на Менскім маторным заводзе. Ніжэй – традыцыйныя дыяграмы. На гэты
раз зь іх можна даведацца, як адносіцца насельніцтва Беларусі да свайго
матэрыяльнага становішча. Аб тым, што яно пагоршылася, заяўляюць сёньня
59,9% апытаных. Не змянілася – у 34,3%, палепшылася – 5,3%. Нічога канкрэтнага
не адказалі толькі 0,5% рэспандэнтаў. Больш за 50% апытаных лічаць адказным
за дрэнны стан эканомікі ў краіне наша сёньняшняе кіраўніцтва.
Прафсаюзныя праблемы ахоплівае другая старонка штотыднёвіка. На гэты
раз пад рубрыкай “Зборачны цэх” пра ролю і месца беларускіх прафсаюзаў
у сучасным жыцьці краіны разважае старшыня Менскага абласнога Савета Беларускага
прафсаюза работнікаў хімічных галін прамысловасьці Кузьма Кашэўскі. Такім
чынам прафсаюзная дыскусія на старонках газэты пашыраецца, ахопліваючы
разнастайнае кола поглядаў.
Абараняемся – такі асноўны матыў публікацый наступнай старонкі “Маё
права”. Тут друкуецца заява Дзьмітрыя Абадоўскага, які ўжо шмат месяцаў
знаходзіцца ў заключэньні паводле недаказальнага крымінальнага абвінавачаньня.
Справа мае выразнае палітычнае адзеньне, бо Дзьмітры – сын вядомага ў Магілеве
праваабаронцы Сяргея Абадоўскага. Пратэстуючы супраць самавольства ўлады,
юнак пайшоў на адчайны крок – распачаў з 18 лістапада бягучага года сухую
галадоўку.
Старонка “Мой дом” сустракае чытача маналёгам Ірыны Шавель, маці хлопчыка-інваліда.
Усіх, хто мае адпаведныя цяжкасці і праблемы, жанчына запрашае далучыцца
да сумеснай работы ў грамадзкім аб’яднаньні “Беларуская асацыяцыя дапамогі
дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”. Газэта друкуе каардынаты грамадзкай
арганізацыі і нумар банкаўскага рахунку. Пад рубрыкай “Меркаваньні” газэта
мае намер друкаваць з нумара ў нумар думкі ўласных чытачоў пра сучаснае
наша жыцьцё. Першым у новай рубрыцы стаў допіс Вольгі Цясьленкі з г. Чавусы
Магілеўскай вобласьці з назвай “Нельга ашукваць усіх і заўсёды!”
Далей – чарговая тэматычная старонка “Гаспадыня лёсу”. Сёньня яе гераіня
– сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня “Жаночы незалежны дэмакратычны рух”
і, адначасова, дырэктар Жаночага навучальнага каардынацыйнага цэнтру Людміла
Пеціна. Яна разважае пра ролю жанчын ў грамадзтве, расказвае пра сябе і
пра работу цэнтра, які ўзначальвае.
Шэраг матэрыялаў прысьвячае “Рабочы” найбуйнейшай у сучаснай Беларусі
праваабарончай арганізацыі – грамадскаму аб’яднаньню “Праваабарончы цэнтар
“Вясна”. Цэнтральнай на шостай паласе газеты стала гутарка Тацяны Рэвяка
з Алесям Бяляцкім, які ўзначальвае “Вясну”. А на старонцы “Мой сусьвет”
зьмешчаныя матэрыялы прэс-канфэрэнцыі, што адбылася на пачатку тыдня ў
штаб-кватэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Вядомыя прадстаўнікі апазыцыі:
В. Вячорка, А. Саньнікаў, А. Кароль падрабязна расказалі прысутным пра
вынікі апошняй паездкі ў Брусэль, Парыж, Бэрлін, Лёндан і адносіны Эўрапейскай
грамадзкасьці да стану справаў у нашай краіне.
І, нарэшце, апошняя старонка выпуску – “Мой выхадны”. На гэты раз яна
цалкам прысьвечаная 80-гадоваму юбілею любімага беларусамі пісьменьніка
і паэта Ўладзімера Караткевіча.
Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.
Самае папулярнае
1