Радаўніца ў Курапатах.
Першымі, каго мы сустрэлі сёньня ў Курапатах, былі міліцыянты. Яны стаялі
ля ўваходу на могільнік, па трое прагульваліся па цэнтральнай сьцяжыне,
зьдзіўлена пазіраючы на маладых хлопцаў ды дзяўчат, якія дасталі з заплечнікаў
адпаведны рыштунак ды пачалі зьбіраць параскіданае наўкола сьмецьце. Гэта
сябры моладзевае суполкі “Эўрапейскі шлях”, якія талакою вырашылі навесьці
адпаведны Радаўніцы парадак на мейсцы масавае загубы бязьвінных людзей
бальшавіцка-сталінскім рэжымам у 37-41 гадох.
Час ад часу да іх далучаліся тыя, хто прыйшоў самаходзь пакланіцца магілам
ахвяраў. Вось мужчына, які хадзіў ад крыжа да крыжа. Ля кожнага пакідаючы
галінкі бэзу, прыглядзеўся да занятку маладых ды далучыўся да іх.
Дарэчы, адзін з крыжоў абпалены, хтосьці не знайшоў дзеля вогнішча іншага
мейсца. А ля крыжа, які ў памяць сваіх забітых тут суродзічаў паставілі
палякі, красуюць сьвежыя кветкі. Маладзенькая расада летніх красак высаджаная
ля памятнага знака, які ўсталяваны амэрыканскай амбасадаю ў памяць пра
наведваньне Курапатаў прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам у 1994 годзе.
Прыехалі сьвятары Беларускае Народнае Праваслаўнае царквы айцы Леанід
і Аляксандар. Усе прысутныя падыйшлі да крыжа пакутнікам Беларусі, запалілі
сьвечкі ды пачалі нягучна маліцца за беларускі народ.
Праз колькі хвілінаў да крыжа падыйшла працэсія прыхажанаў афіцыйнае
Праваслаўнае царквы з мікрараёну “Зялёны Луг” на чале з айцом Уладзімерам
Стукачом. Ходзячы вакол урочышча ды па ягоных сьцежках, сьвятар зь вернікамі
асьвячалі магілы забітых тут.
Старшыня хрысьціянскае злучнасьці “Курапаты” Вацлаў Нямковіч сказаў
мне, што зялёналускі праваслаўны клір хоча збудаваць у Курапатах сваю капліцу.
Такое ж жаданьне выказвае і пробашч каталіцкага касьцёлу сьвятых Сымона
ды Алены. Сам жа спадар Нямковіч лічыць, што тут павінен быць сьвецкі мэмарыял
у памяць усіх палеглых, таму што былі яны прыналежныя да розных веравызнаньняў,
а многія і навогул атэістамі. Але пры тым пры кожнай з выяўленых 585 магілаў
трэба паставіць крыж, сказаў старшыня хрысьціянскае злучнасьці “Курапаты”
Вацлаў Нямковіч. Усе ягоныя прапановы ўлады пакуль што трымаюць пад тоўстым
сукном.
Пасьля 15-й гадзіны ў Курапаты прыехалі прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі,
сярод якіх былі адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Павал Знавец, старшыня
Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька ды кіраўнік партыі БНФ
Вінцук Вячорка, які й выступіў з кароткай прамоваю.
“Так зьбеглася сёлета, што Радаўніца супала з днём перамогі над фашызмам,
над адным з двух жахлівых таталітарных рэжымаў, на жаль, пад знакам якіх
прайшла гісторыя нашага народу ХХ стагодзьдзя. Абсалютную большасьць прамінулага
стагодзьдзя забраў наш супраціў двум гэтым нялюдзкім рэжымам, двум гэтым
антыбеларускім рэжымам: рэжыму камуністычна-бальшавіцкаму і рэжыму фашыстоўскаму”,
– сказаў лідэр партыі БНФ.
Апазыцыянэры прыехалі ў Курапаты пасьля таго, як усклалі кветкі да помнікаў
палеглым у Другой усясьветнай вайне, прыраўняўшы тым самым ахвяраў сталінскага
бальшавізму й нямецкага фашызму. Адзін і другі зьнішчалі беларусаў.
І свой выступ спадар Вячорка закончыў наступнымі словамі:
(Вячорка: ) “Ніколі больш фашызму! Ніколі больш камунізму! Ніколі больш
Курапатаў! Вечная слава бязьвінна палеглым!”
Белыя кветкі, апавітыя чорнаю стужкаю, леглі да курапацкага крыжа пакутнікам
Беларусі. А потым доўга яшчэ гучэлі тут патрыятычныя песьні. Міліцыянты
паводзілі сябе пад час гэтых імпрэзаў стрымана.
Валянціна Аксак, Менск
Самае папулярнае
1