(ляскат малатка)
Гэты ляскат малатка ёсьць сьведчаньнем таго, што сёньня на Барысаўскім домабудаўнічым камбінаце застаўся толькі адзін работнік, які займаецца нейкай вытворчасьцю. Прыбіральшчыца цётка Ліля, да якой у ейную каморку я завітаў на той грукат сёньняшняй раніцай, патлумачыла мне свой фронт работ:
(Прыбіральшчыца: ) “Рамантую сваю швабру”.
У астатніх працы на заводзе няма – няма заказаў. Галоўны інжынэр прадпрыемства Зьміцер Тарасевіч распавёў, што зараз з камбінату зьбягаюць апошнія рабочыя ды інжынэры. І гэта ня дзіва: у Міністэрстве будаўніцтва і архітэктуры афіцыйныя асобы паведамілі кіраўнікам Барысаўскага камбінату: фінансаваньне спыненае не на месяц-другі, а на два гады. Прынамсі, да таго часу, пакуль у Менску пад кантролем Аляксандра Лукашэнкі ня будзе ўзьведзеная Алімпійская вёска.
Таму, паводле меркаваньня спадара Тарасэвіча, цяпер адрадзіць ДБК можа адно: буйны, з папярэдняй праплатай, расейскі заказ дзеля аднаўленьня разбуранага вайною Грознага ды іншых местаў Чачэніі.
(Тарасэвіч: ) “Мы сваімі сіламі можам адгрузіць 42 тысячы квадратных мэтраў жыльля ў панэльным варыянце.(…) Калі зрушыцца гэта ўсё зь месца, то гэта будзе добры пакет заказаў для нашага камбіната. Вельмі добры. Загрузка на ўсю катушку”.
- зазначыў Зьміцер Тарасевіч. Але пакуль ён быў гатовы да самага горшага:
(Тарасэвіч: ) “Калі абстаноўка застанецца такой, як ёсьць на сёньняшні дзень, то дамы трэба будзе дэмантаваць, таму што яны ня могуць стаяць гадамі, кансэрвацыя аб’ектаў ня будзе праводзіцца”.
У цэхах камбіната стаяла мёртвая цішыня. Гэткая ж цішыня, паводле сьведчаньня чыноўнікаў, ужо апанавала і мантажныя пляцоўкі распачатых камбінатам дамоў у Барысаве, Жодзіне, Смалявічах. Адсюль цяпер здымаюцца вежавыя краны ды іншая тэхніка.
(Голас работніка: ) “Нету работы, нету оплаты работы,”
- сьведчыў кранаўшчык Андрэй, які адмовіўся назваць сваё прозьвішча, але паведаміў, што ўжо знайшоў сабе па спэцыяльнасьці больш грашовую працу ў іншай будаўнічай арганізацыі Барысава.
На маіх вачах звальнялася начальніца асноўнага, вытворчага аддзелу камбінату Натальля Гаварухіна.
Алесь Мікалайчанка, Барысаў