Улады Малдовы заяўляюць, што апошнім часам краіну пакінулі больш за
паўмільёны жыхароў у веку ад 25-ці да 45-ці гадоў. Увогуле ж насельніцтва
краіны складае 4,5 мільёны чалавек. Бальшыня эмігрантаў паехалі на заробкі
ў розныя краіны сьвету. Працуюць малдаване сёньня на будоўлях ды ў прыватных
фірмах, часта ў сем’ях у Ізраілі, Расеі, Грэцыі, у Косаве ды ў Афрыцы…
Агляд артыкулу “Малдова на мяжы галечы” ў газэце International Herald Tribune.
Асноўнай прычынаю іміграцыі з Малдовы стала рэзкае пагаршэньне эканамічнае
сытуацыі. Сёньня сярэдні заробак у краіне – 30 даляраў на месяц. Згодна
інфармацыі Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў у Кішыневе, 80% насельнікаў
Малдовы зараз жывуць па-за межамі рысы беднасьці, – піша International
Herald Tribune…
Міжнародны Валютны Фонд зь нядаўнага часу спыніў у Малдове свае праграмы,
найперш з-за таго, што ў краіне не праводзяцца аніякія рынкавыя рэформы.
МВФ патрабуе ад уладаў Малдовы прыватызацыі тых сэктараў эканомікі, якія
б маглі прыцягнуць замежныя інвэстыцыі ды паўплываць на эфэктыўнае разьвіцьцё
экспарту ды імпарту. А гэта табачная і алькагольная вытворчасьці ў аграрнай
Малдове.
Госьць з Эўропы, які прыяжджае ў Малдову, патрапляе як у мінулае. Карэспандэнт
International Herald Tribune Джасьцін Кэй піша, што Кішынеў – пыльны, непрыгожы
горад – ужо сам па сабе ёсьць сьведчаньнем тае розьніцы з заходне-эўрапейскімі
сталіцамі. Нават пасьля 9-ці гадоў незалежнасьці ад Расеі Кішынеў усё яшчэ
пачуваецца як правінцыйны горад. Зусім мала прыватных рэстарацыяў і крамаў,
можна ўбачыць толькі крыху рэклямы заходніх прадуктаў… А гэта гаворыць
таксама пра беднасьць жыхароў у Малдове і пра нізкі ўзровень цікавасьці
да Захаду… – піша Джасьцін Кэй.
На пачатку сваёй незалежнасьці ў 90-м годзе Малдова мела вельмі добрыя
магчымасьці для старту. Тады сучасныя падыходы ў эканамічных праграмах
давалі спадзяваньні на хуткае інтэграваньне ў Эўропу. Людзі параўноўвалі
Малдову з Балтыйскімі краінамі, – гаворыць адзін з малдоўскіх журналістаў.
Зараз пра гэта нават ужо цяжка і ўзгадаць.
Нават у тых галінах вытворчасьці, якія маглі б разьвівацца й прыносіць
прыбыткі, узровень упаў за апошнія гады на 70%… Бадай, гэтае падзеньне
самае рэзкае ў параўнаньні зь іншымі краінамі былога Савецкага Саюзу.
Зараз Малдова апынулася на мяжы катастрофы. Сельская гаспадарка ў глыбокім
заняпадзе. Яшчэ адзін дрэнны ўраджай чакаецца летась. Да гэтага ж краіна
будзе пакутаваць ад нястачы насеньня і ўгнаеньняў. Атрымліваеца замкнёнае
кола, зь якога вывесьці Малдову змаглі б толькі рашучыя ўрадавыя захады
ў прыватызацыю эканомікі – і тады ўжо прыйшла б фінансавая дапамога заходніх
краінаў. Улады ж Малдовы ўсё яшчэ ня вырашылі, што яны хочуць і могуць
рабіць на самой справе.
Тым часам 40 мейсцаў са 110-ці ў парлямэнце краіны працягваюць займаць
камуністы… – зазначае International Herald Tribune. Малдова – згодна палітычнага
ды эканамічнага партрэту ў гэтай газэце – можа быць прыкладам для іншых
краінаў, набыўшых незалежнасьць з тых пазыцыяў, што ня трэба рабіць
– каб краіна не апынулася на мяжы голаду й галечы.
Галіна Прыгара, Прага
Самае папулярнае
1