"Вітаю!" -- усьміхаецца мне прыязьнік. "Вітаю!" -- шапоча
лістотаю мая зямля. Прывітаньнем поўныя прастора й час. Поўныя жыцьцём,
бо vita -- з прадалёкіх вякоў лацінян і ёсьць жыцьцё, сьвет-вітамін,
які мы спажываем штохвільна.
Але ўсё часьцей паперадзе гэтага нягаснага віта- паўтае недарэчнае
неразумнае а-. Авітаміноз.
Бач якое адважнае гэтае а! Адпрэчвае самое красаваньне-наліваньне
-- жыцьцё. І мы паволі зьмірваемся, мы дазваляем упартай часьціцы адмаўленьня
выракаць нас на пакуты, на балючую нястачу жыцьця.
Ці згадваем калі, што самі творым віта -- жыцьцё? І самі зьяўляемся
ягонай ладнай часьцінаю? Ці жывімся ратавальнай энэргіяй віта? Не!
Здаецца, нам дзівакам лацьвей ды зручней жыць у бядноцьці, чымся адказна
распараджацца заможным жыцьцём. І пануе ў пахмурным краі авітаміноз,
недахоп жыцьцёвае сілы, прыгожства й веры.
А чаму паддаемся авітамінозу? Чаму не выбіраем чыстае, першароднае
віта? Яно вядома, жаліцца прасьцей, чым выбіраць, а вінаватыя заўжды
знойдуцца".
Пасьміхаецца зьдзекліва авітаміноз: "Якія ж вы, чалавекі, хісткія,
няўклюдныя здані, зьбялелыя без вітаміну шчасьця".
Задрыгвела нашае беларускае шчасьце, віта-жыцьцё. І мы, як баязьлівыя
зайцы на купінах, азіраемся -- хто адымае вітаміны? Таго
ж ня хочым прызнаць, што самі лянуемся скінуць зь сябе прычэпістую часьціцу
а- ды чэрпаць нагбом віта-жыцьцё.
Антаніна Хатэнка
Самае папулярнае
1