Агмень - слова ў сучаснай беларускай літаратурнай мове досыць новае. Упершыню публічна яго ўжыў паэт Анатоль Сыс, які назваў ім свой паэтычны зборнік.
Слова было заўважана беларусамі на захадзе, а Радыё Свабода адразу пракамэнтавала ягонае зьяўленьне. Аўтар камэнтару цалкам слушна заўважаў, што агмень не фіксуе ніводзін слоўнік беларускай мовы, апрача «Расеійска-крыўскага слоўніка» Вацлава Ластоўскага. Прычым, нават гэты слоўнік не падае да яго аніякіх прыкладаў.
Нягледзячы на гэта, беларуская моладзь пачала ўжываць слова агмень за некалькі гадоў да выхаду Сысовага зборніка. Перад усім гэта было зьвязана з наяўнасьцю ў беларускай мове немілагучнага ачаг, якое пры аглушэньні канцавога -г давала - ачах, што наўрад ці можна было асацыяваць з агнём. Да таго ж, агмень можна лічыць адным з прыкладаў перамогі над палітыкай абрасеяньня беларускай мовы, якая вялася ня толькі пры дапамозе савецкіх сродкаў масавай інфармацыі, а і пры актыўным удзеле досыць вядомых навукоўцаў, якія прапаноўвалі ўвесьці ў нашую мову як асноўныя словы тыпу карандаш, паравоз, бацінкі, ці сьпічкі.
Агмень паўстаньня, сямейны агмень, агмяні й паходні, агмень душы - выразы жыцьцёвыя і літаратурныя.
Агменны, агмянёвы, агмяністы - магчымыя словы або паняцьці, якія яшчэ чакаюць свайго вынаходніка, каб зь ягоных рук атрымаць свае канкрэтныя значэньні і тлумачэньні. А гэта значыць, што мова ня толькі жыве, яна разьвіваецца, і моватворчы агмень выплаўляе для яе ўсё новыя і новыя аздобы і ўпрыгожаньні.
Сяржук Сокалаў-Воюш
Самае папулярнае
1