Я хачу расказаць пра джынсы, якія за часамі маёй маладосьці былі ня
проста апранахай, а пэўным знакам, сьведчаньнем прыналежнасьці іх уладальнікаў
да пэўнае касты. Каштавалі яны вялікіх грошай, дый набыць іх, нават пры
наяўнасьці патрэбнай сумы, было няпроста.
Праўда, калі напачатку 70-х па іх езьдзілі ў Рыгу ды Вільню, дык усярэдзіне
дзесяцігодзьдзя ўжо наш горад стаў пастаначальнікам фірмовага тавару. Рэч
у тым, што ў Наваполацку ў той час атабарыліся будаўнікі польскае фірмы
“Энэргаполь”, якія будавалі нафтаправод, што злучаў Полацак з Мажэйкяем.
Палякі, аднак, ня столькі будавалі, колькі гандлявалі джынсамі, зьдзіраючы
з наваполацкіх пакупнікоў па 200-220 рублёў за штуку. Ну і, зразумела,
ніхто тады не насьмельваўся вывешваць іх сушыцца ў двары альбо пайсьці
ў джынсах на пляж – калі б такое надарылася, іх бы абавязкова скралі.
І тут самы раз згадаць выпадак. Аднойчы мы ішлі з сябрам Валодзем па
горадзе і сустрэлі нашага агульнага знаёмага Лёху, зь якім мы разам вучыліся
ў школе. Ён некуды сьпяшаўся, а таму, паціснуўшы нам рукі, мімаходзь прамовіў:
“Заўтра а пятай раніцы ідзем на рыбалку”. Сказана гэта было такім тонам,
што я адразу зразумеў – рыбаю тут і ня пахне.
Надарылася так, што ўранку таго дня я вяртаўся з пагулянкі. Нечакана
ўбачыў на даху аднаго з дамоў Валодзю, які трымаў у руцэ рыбацкі сьпінінг.
Я схаваўся за дрэвам і стаў цікаваць, якую рыбу будзе лавіць сябар. Неўзабаве
з-за краю даху выплыла кудлатая Лёхава галава. Галава тарганулася, маўляў,
будзем закідваць у гэтым месцы. І Валодзя, зірнуўшы долу, стаў накручваць
сьпінінг. Яшчэ хвіліна – і сябра, начапіўшы на гачак джынсы, што сохлі
на гаўбцы, стаў круціць барабан у адваротны бок.
Рыбалка такая падпадала пад артыкул Крымінальнага кодэксу. І ўсё ж-такі
гэта быў не банальны крадзёж, а нешта іншае. Вось калі б на гаўбцы вісела
норкавае футра ці, нават, царскія шаты, хлопцы на іх наўрад ці паквапіліся
б. Рыбацкае шчасьце яны зьведвалі толькі тады, калі на гачак патраплялі
зацяганыя і пацёртыя джынсы, тым больш з такіх далёкіх і такіх незабыўных
70-х гадоў.
Васіль Храмцоў
Самае папулярнае
1